Незвычайнае здарэнне адбылося на 98-м кіламетры трасы Р6 (Івацэвічы – Пінск – Столін), на адрэзку паміж ускраінай Пінска і Любанскім мастом. Ужо больш за тры тыдні вадзіцелі аўтамабіляў, праязджаючы тут, мімаволі змяншаюць хуткасць, пасажыры аўтобусаў толькі і размаўляюць аб гэтым.

А справа вось у чым. Напэўна, на пачатку красавіка, калі буслы вярнуліся з выраю, адна птушыная пара не знайшла сваёй “хаткі”. Уздоўж гэтай аўтамабільнай дарогі, на слупах, прызначаных пад правадныя радыёлініі, раней было шмат буслянак. Восенню паветраныя лініі электрасувязі замянілі на падземныя і слупы знялі.

Калі Пінскі раённы вузел электрасувязі вёў дэмантаж слупоў, тыя, на якіх былі буслянкі, планавалася пакінуць. Так і было зроблена. Але, напэўна, выпадкова ў час работ некалькі птушыных хатак зваліліся.

Вярнуліся птушкі вясной і не знайшлі свайго дома. Усё кружылі над месцам, дзе была буслянка, над балотамі і хмызнякамі, што раскінуліся паміж Пінай і Прыпяццю – ніяк не маглі вызначыцца з месцам пабудовы новай буслянкі, а потым зрабілі няўдалы выбар: пачалі віць гняздо на дарожным знаку, што стаіць на абочыне каля самай дарогі. Напэўна, выбралі яго, бо насупраць некалі стаяў слуп з іх старой “хаткай”.

Бусь і буська насілі галінкі, асцярожна іх укладвалі.

Але прыкладна на палове работы гняздо ўпала на зямлю. Птушкі зноў пачыналі будоўлю, і няшчасце адбывалася зноў.
Так было некалькі разоў. Справа ў тым, што птушкі вілі гняздо на вельмі тонкім і малым па вышыні знаку – буслянка на такім не магла ўтрымацца.

Людзям, якія кожны дзень ездзяць па гэтай дарозе, стала шкада птушак. Весткі аб няшчасных стварэннях разносіліся па навакольных вёсках з шумам ветру. Хтосьці з мясцовых зрабіў драўляныя распоркі каля знака з надзеяй, што буслянка будзе трымацца.

Але неўзабаве знайшліся свядомыя, якія зламалі распоркі, звалілі буслянку. Хто яго ведае, можа, яны зрабілі гэта, думаючы пра будучае: з'явяцца малыя бусляняты, а хтосьці разбурыць птушыную хатку. Лепей, каб пара буслоў зараз знайшла больш надзейнае месца, засцерагла сябе. Напэўна, і зараз бусь і буська не перастаюць змагацца за жыццё. Аб буслах-гаротніках расказваюць далёка па-за межамі Пінскага раёна.

Шкада, што зараз чалавек так абыякава ставіцца да гэтай птушкі – сімвала Палесся.

Сапраўды, ужо ніхто не пакрывае дах хаты чаротам, на якім так любілі віць гнёзды буслы, мала хто закідвае на свіраны і хлявы колы са старых вазоў ды ровараў.
Заўважце, мы, палешукі, не страцілі павагі да буслоў: часта мы робім іх з дрэва, гліны, ставім на сваіх падворках, лецішчах. Але гэта не жывыя птушкі, а толькі скульптуры.

Успамінаецца клопат былога старасты вёскі Завідчыцы Пінскага раёна, які прыклаў шмат намаганняў, каб буслы не толькі не пакідалі гэтай вёскі, але і будавалі новыя хацінкі. Пры замене старых апор паветраных ліній электраперадачы ў гэтым населеным пункце Пінскія электрасеткі рабілі на новых апорах спецыяльныя формы, каб белым птушкам было зручней будаваць гнёзды, а таксама галінкі не сталі прычынай кароткага замыкання. Буслы ў гэтай палескай вёсачцы адчуваюць сябе ўтульна.

Дакладна не памятаю, дзе, напэўна,

у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, уздоўж аўтамабільнай дарогі стаіць шмат драўляных слупоў з буслянкамі. Кожны з іх пафарбаваны і агароджаны. Вельмі прыгожа. Але асаблівую прыродную прыгажосць гэтай карціне надаюць белыя птушкі.

Кожны раз, праязджаючы праз Пінскі раён, радуюся: колькі ў гэтым краі хараства і чароўнай прыгажосці. Але, на жаль, не хапае яму любові тых, хто тут жыве. Чаму нельга было пакінуць некалькі дзясяткаў слупоў уздоўж дарогі на Любанскі мост, каб белыя птушкі рабілі сабе буслянкі?! Ці не адляціць з Піншчыны сімвал Палесся – белы бусел?

Хацелася б каля галоўных аўтамабільных дарог бачыць больш інфармацыйных стэндаў пра прыроднае і гістарычнае багацце Палесся. Па гэтых дарогах штодзень праязджаюць тысячы гасцей, якія маглі б бліжэй пазнаёміцца з культурай і традыцыямі палешукоў. А пакуль усе вымушаны глядзець і спачуваць пары белых буслоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?