Мой бацька, Мікола Латушкін (да 1945 г. — Уладзімер Гарэлік. — «НН»), нарадзіўся 15 студзеня 1922 г. у маленькай вёсцы на Магілёўшчыне (вёска Сіпайлы ў Бялыніцкім раёне. — «НН»). Меў трох братоў і сястру. Скончыў школу-сямігодку ў Навашолках, дзесяцігадовую — у Галоўчыне. У кастрычніку 1940 г. бацьку мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Служыў спачатку ў Вэнтсьпілсе (Латвія), дзе скончыў кавалерыйскую школу ў званьні лейтэнанта. У ліпені 1941 г., празь месяц пасьля нападу Нямеччыны на СССР, мой бацька быў цяжка паранены і трапіў у палон, дзе прабыў роўна год. Яго ўдалося вызваліць з дапамогай актывістаў Саюзу беларускай моладзі. Бацька стаў актывістам СБМ (быў ад’ютантам Міхася Ганька. — «НН»).

Пры канцы вайны Мікола Латушкін апынуўся ў нямецкім Карлсьфільдсе. Бацька не хацеў вяртацца ў СССР, бо ведаў, што там яго ў лепшым выпадку чакае турма і сасланьне. Такі лёс напаткаў яго старэйшага брата Хведара. У вайну ён таксама трапіў у палон, а калі вайна скончылася, вярнуўся дадому і тут жа быў сасланы ў Сібір, дзе неўзабаве й памёр.

У 1945—1949 гг. бацька вучыўся ў вэтэрынарных школах у Карлсьфільдсе і Рэгенсбургу, а потым працаваў па спэцыяльнасьці. У Рэгенсбургу ён стаў актыўным сябрам Беларускага камітэту, браў удзел ва ўсіх мерапрыемствах.

9 жніўня 1950 г. бацька параплавам прыплыў у ЗША. Жыў спачатку ў Філядэльфіі, у 1954 г. пераехаў у Кліўлэнд (штат Агаё), дзе вывучыўся на мэханіка. Тамсама браў актыўны ўдзел у працы Беларуска-амэрыканскага культурнага цэнтру, стаў чальцом рады гэтага аб’яднаньня.

У траўні 1957 г. бацька пераехаў у Чыкага (штат Ілінойс), дзе бацька пачаў працаваць у будаўнічым бізнэсе. Тутсама ён сустрэў прыгажуню Сафію Багдановіч. Яны моцна пакахалі адно аднаго і ажаніліся 26 кастрычніка 1957 г. У верасьні 1958 г. нарадзіўся мой брат Ўолтэр. Я нарадзілася 24 лістапада 1964 г., а 1 траўня 1959 г. бацька атрымаў амэрыканскае грамадзянства.

У лістападзе 1958 г. у Чыкага адкрылася Беларуская праваслаўная царква Сьв. Юр’я (падпарадкаваньня Сусьветнаму патрыярхату. — «НН»). Бацька і маці разам зь дзедам Янкам Багдановічам былі яе фундатарамі-заснавальнікамі.

Шмат гадоў бацьку выбіралі нязьменным сакратаром Царкоўнай рады, ён быў адным з актыўных сьпевакоў у царкоўным хоры. Як спэцыяліст-мэханік і будаўнік ён шмат рабіў у справе рамонту царквы, яе перабудовы і афармленьня. Актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю, быў сакратаром Беларуска-амэрыканскага нацыянальнага камітэту ў Чыкага, прадстаўляў у нашым горадзе Беларускі кангрэсовы камітэт Амэрыкі.

На пэнсію бацька пайшоў у 1987 г., але працягваў браць актыўны ўдзел ва ўсіх беларускіх акцыях у Чыкага. Калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, тата паехаў на радзіму. Адбылося доўгачаканае спатканьне праз 54 гады пасьля таго, як пакінуў Бацькаўшчыну.

13 чэрвеня 1998 г. трагічна загінула мая маці — яе забіў п’яны афіцэр паліцыі, і бацька застаўся ўдаўцом… Усім нам гэта было страшэннай трагедыяй. Горка плакалі і дзьве ягоныя ўнучкі — Зоя і Катарына.

Мікола Латушкін пасьля цяжкой хваробы пайшоў з гэтага жыцьця 31 сьнежня 2005 г., не дажыўшы два тыдні да свайго 84-годзьдзя.

Мой бацька вельмі любіў Амэрыку, краіну, якая дала яму і многім яго суайчыньнікам магчымасьць жыць і працаваць свабодна і плённа. Але да апошняй сваёй хвіліны ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі, яе гісторыі, яе культуры. Усё сваё жыцьцё ён думаў пра Бацькаўшчыну, пра беларускі народ і рабіў усё магчымае, каб наблізіць час яго свабоды і незалежнасьці.

Вечная яму памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?