Алімпійская зборная Беларусі па футболе мае праблемы ва ўсіх лініях, заявіў галоўны трэнер каманды Георгій Кандрацьеў 21 мая на прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучаму ўдзелу ў міжнародным турніры ў Тулоне (Францыя).

Паводле слоў Кандрацьева, базавым для зборнай з’яўляецца 1989 год нараджэння футбалістаў, аднак у вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату няма ніводнага цэнтральнага паўабаронца гэтага ўзросту. Акрамя таго, не забіваюць форварды, таму ў пашыраную заяўку на Алімпіяду ўключаны 28-гадовы форвард Сяргей Карніленка. Шэраг футбалістаў наогул не маюць гульнёвай практыкі.

На першым этапе турніру ў Тулоне Беларусь сустрэнецца ў групе В з Францыяй (24 мая), Марока (26 мая) і Мексікай (28 мая).
У групе, А выступяць Турцыя, Японія, Егіпет і Нідэрланды. Па дзве лепшыя каманды выходзяць у паўфінал, матчы гэтай стадыі пройдуць 30 мая. гульня за 3-е месца і фінал адбудуцца 1 чэрвеня.

Як адзначыў Кандрацьеў, гэта будзе для яго першы турнір, дзе вынік не мае вялікага значэння. «Перш за ўсё, хачу на сур’ёзным узроўні праверыць хлопцаў. У нас не так шмат людзей, якія падыходзяць пад Алімпійскія гульні. Для мяне вельмі важныя маральна-валявыя якасці. Калі чалавек згуляе праз не магу — паедзе на Алімпіяду, калі не — браць няма сэнсу», — сказаў Кандрацьеў.

Ён падкрэсліў, што не адыходзіць ад раней прадэклараванага прынцыпу камплектавання каманды на Алімпіяду: на квоту ў тры гульцы старэйшых за 23 гады прэтэндуюць у першую чаргу футбалісты 1988 года нараджэння, якія здабывалі пуцёўку ў Лондан. «У той жа час, я не магу браць людзей, якія не гатовы, і тым самым падводзіць астатніх», — заўважыў Кандрацьеў. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што на Алімпіядзе зборная выйдзе з падгрупы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?