У заключным эпізодзе доктар Хаўс апынуўся ў няпростых умовах — яму, раней вызваленаму ўмоўна-датэрмінова, пагражала новае турэмнае зняволенне за інцыдэнт з засорам сістэмы каналізацыі бальніцы, які ў выніку прывёў да паломкі апарата МРТ. Аднак Хаўс зноў апынуўся на вышыні —

паліцыя знаходзіць абгарэлыя парэшткі чалавека з дакументамі на імя Хаўса, пасля чаго робіцца заключэнне пра смерць доктара.
І пакуль усе шакаваныя весткай пра трагедыю, галоўны герой націскае на газ свайго матацыкла, які нясе яго разам з найлепшым сябрам, доктарам Уілсанам (Роберт Шон Леанард) у іншае невядомае жыццё.

Апошняму эпізоду пад назвай «Everybody dies» («Усе загінулі») папярэднічаў гадзінны фільм пра серыял, які расказвае пра тое, як стваралася гэтая гісторыя.

Сто пяцьдзясят чалавек, якія працавалі над стварэннем медыцынскай драмы, сабраліся ў адной студыі, каб адкрыць 150 бутэлек з шампанскім.
«Доктар Хаўс» за восем гадоў існавання трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса, скарыўшы сэрцы тэлегледачоў, — серыял паглядзелі больш за 80 мільёнаў чалавек у 66 краінах свету.
Серыял, створаны Дэвідам Шорам, толькі ў ЗША прыцягваў да экрана амаль 30 мільёнаў гледачоў.
Крытыкі з самага пачатку прыхільна сустрэлі з’яўленне ў масавай культуры новага прыкладу доктара — персанажа, нададзенага вострым розумам, інтэлектам і праніклівасцю наўзамен традыцыйных чалавечых вартасцяў, якія прадпісваліся прадстаўнікам гэтай прафесіі.
Пік папулярнасці «Доктара Хаўса» прыпаў на 2007 год, аднак затым аўдыторыя стабільна скарачалася і ў апошнія месяцы ўпала да 5,5–6,6 млн чалавек,
нягледзячы на шматлікія «Залатыя глобусы» і шэсць прэмій «Эмі» за сцэнар і пастаноўку.

Брытанскі актор Х’ю Лоры шэсць разоў намінаваўся на «Эмі», аднак усе шэсць разоў узнагароды даставаліся супернікам.

Тым не менш, дзівакаваты доктар-мізантроп быў удастоены дзвюх прэмій галівудскай прэсы «Залаты глобус», і дзвюх — Акторскай гільдыі. Акрамя таго, Лоры трапіў у кнігу рэкордаў Гінэса як самы высокааплатны актор тэлесерыяла — яго ганарары за кожную серыю ў 2010 годзе дасягнулі беспрэцэдэнтных 700 тысяч даляраў.

«І глядач, і доктар стаміліся», —
патлумачылі прадзюсары рашэнне завяршыць праект. Да таго ж Лоры хоча засяродзіцца на музычнай дзейнасці — ён грае на сінтэзатары і з’яўляецца вакалістам у дабрачыннай рок-групе Band From TV, а нядаўна выпусціў альбом Let them Talk, з прэзентацыяй якога выступіць у Мінску 22 чэрвеня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?