Палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які адбывае пакаранне ў турме № 1 Гродна, не верыць у тое, што можа быць вызвалены ў выніку амністыі, пра якую заявіў Лукашэнка. Ён мяркуе таксама, што шэраг беларускіх палітвязняў застануцца ў няволі.

Свае думкі на гэты конт Мікалай Аўтуховіч выклаў у лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, які адрасат атрымаў 23 траўня.

У прыватнасці Мікалай Аўтуховіч піша: «Ніякая амністыя не можа вызваліць амаль усіх, акрамя Дашкевіча, Севярынца, Лобава і Каваленкі. Астатніх не.

Калі зрабіць амністыю пад Статкевіча або мяне, то з калоніі патрэбна будзе выпусціць не тры з паловай тысячы, а ўсе дзесяць тысяч.
А на гэта ён не пойдзе ніколі».

Са слоў Барыса Вырвіча,

па лісце адчуваецца, што Мікалай Аўтуховіч не зломлены і захоўвае баявы настрой.

«Ён выказвае свае меркаванні наконт існуючай палітычнай сітуацыі ў краіне, маючай адбыцца выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў, стану спраў у дэмакратычнай супольнасці. Адчуваецца, што Мікалай уважліва сочыць за падзеямі і мае наконт іх свае меркаванні, настрой у яго баявы, зламаць яго ўлады не здолелі», — кажа журналіст.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў узяты пад варту з 8 лютага 2009 г. 6 траўня 2010 г. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь асуджаны па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агняпальнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, ён быў пераведзены з калоніі № 5 г. Івацэвічы ў турму № 1 г. Гродна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?