Пасольства Польшчы накіравала Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з планамі стварэння рускамоўных класаў у гродзенскай школе № 36 з польскай мовай навучання, паведамляе Польскае радыё са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Польшчы.

МЗС Польшчы выказвае сур’ёзную занепакоенасць планамі па арганізацыі двух рускамоўных класаў у польскай школе. Падпісанае з беларускімі ўладамі пагадненне гарантуе, што школа № 36 павінна быць польскамоўнай. Яе будаўніцтва поўнасцю фінансавалася польскім бокам.

Супраць увядзення рускай мовы ў польскай школе пратэстуюць члены неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі і бацькоўскі камітэт дзяцей школы. Паводле звестак МЗС, петыцыю пратэсту падпісалі 260 бацькоў.

СПБ мяркуе, што ўвядзенне рускамоўных класаў сведчыць пра імкненне беларускіх уладаў выцесніць навучанне на польскай мове ў школе № 36.

Атрымаць каментар у пасольстве Польшчы ў Беларусі БелаПАН пакуль не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?