У Брэсце 25 мая адбудзецца цырымонія развітання з велагоншчыцай Палінай Жук, якая памерла ў выніку атрыманай траўмы на спаборніцтвах у Туле.

Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Іван Шкутнік, плануецца, што цела спартсменкі будзе дастаўленае аўтатранспартам у Брэст вечарам 24 мая.

25 мая з 9.00 да 12.00 у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 2 па веласпорце адбудзецца грамадзянская паніхіда. Пасля гэтага Жук будзе пахаваная на могілках «Плоска» ў абласным цэнтры.

Паліна Жук вучылася на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры на дзённай форме навучання, майстар спорту, член нацыянальнай зборнай па веласпорце. 16 чэрвеня ёй бы споўніўся 21 год. Яна ўнучка двух веласіпедыстаў. Дзядуля Паліны Сяргей Рабчук — майстар спорту СССР, заслужаны трэнер Беларусі, бабуля Марыя Груздава — майстар спорту СССР па веласпорце.

У Брэсце жывуць маці Паліны, яе дзядуля і бабуля.

Нагадаем, што 22 мая Жук атрымала чэрапна-мазгавую траўму на міжнародных спаборніцтвах «Вялікі прыз Тулы». Спартсменка ўдарылася галавой аб бетоннае пакрыццё трэка. Пацярпелую даставілі ў мясцовую бальніцу. Там ёй зрабілі аперацыю, да якой былі прыцягнутыя спецыялісты НДІ хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага і ваеннага клінічнага шпіталя імя Бурдэнкі. На наступны дзень спартсменка памерла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?