23 мая ў сталічным «Jack-клубе» адбыўся канцэрт Ігара Расцяраева, аўтара знакамітых «Камбайнёраў».

Людзей было няшмат. Зрэшты, арганізатары больш чым на пяцьдзясят чалавек і не разлічвалі. Фармат акустычнага канцэрта не прадугледжвае вялікіх залаў.

Невялікую яўку можна патлумачыць і даволі дарагімі квіткамі. Пагадзіцеся, не кожны гатовы аддаць 150–180 тысяч.

Аднак па накале жарсцяў у зале Расцяраеву мог пазайздросціць нават Кіркораў, які нядаўна адхапіў Ордэн Скарыны.

Пачатак канцэрта затрымліваўся хвілін на дваццаць.

Стаміўшыся чакаць, публіка скандавала «Ігар, Ігар!»
І вось адбылося: «зорка Ютуба» выйшла на сцэну з гармонікам у руках.

«Здрасце, дарагія сябры! Цудоўны горад Мінск! Ну чо, падыходзьце бліжэй».

І адразу хіт — «Рускія дарогі». Фанаты падпявалі, падсвіствалі ды пляскалі ў далоні. Такі народны акампанемент суправаджаў амаль усе песні.

Наступная — знакамітыя «Камбайнёры», якія і прынеслі вядомасць аўтару. Публіка была ў экстазе і не выходзіла з гэтага стану да сканчэння канцэрта.

Паміж песнямі музыка распавядаў гісторыі з свайго жыцця. Пра тое, як выпіваў з героямі кліпа, вясковымі жыхарамі, пра сябра Лёшку Ляхава
ды шмат пра што яшчэ.
Актор па прафесіі, за словам у кішэню ён не лезе. Гутарыць жвава, шчыра, што называецца «ад сэрца», бы за куфлем піва з прыяцелямі.

Некалькі песень не свайго сачынення Расцяраеў граў на гітары. Публіка засумавала. Затым ён зноў узяў у рукі гармонік — і заспяваў… «Прасвісцела» Юрыя Шаўчука, а таксама песні з рэпертуара «Сектара газа», «КіШа» ды нават «Максім» з «Дыскатэкай аварыяй».

«Го-о-оспадзе, памагі, эх, надаелі мне эті врагі!» — хіт панкаў сярэдзіны 90-х падпявала ўся зала.

Канцэрт доўжыўся дзве гадзіны. Пасля стомлены, потны Расцяраеў выканаў яшчэ тры песні на «біс». «Хлопцы, больш не магу — голас зрываецца». А так бы, здавалася, спяваў усю ноч задарма. Яшчэ хвілін з сорак ён раздаваў аўтографы і фотаўся з усімі ахвотнымі.

«Расцяраеў правіць светам! Е! Е!» — публіка скандавала на манер футбольнай крычалкі.

Людзі, што прыйшлі на канцэрт — пераважна 30-гадовыя, аднагодкі Расцяраева. Была і сям’я з трох пакаленняў: бяззубы дзядзечка гадоў 60-ці, сын з нявесткай і ўнучка.

Творчасць Расцяраева ў Расіі называюць сацыяльна-патрыятычнай.

Ён спявае пра камбайнёраў, іх нялёгкую працу і малыя заробкі; пра сяброў-алкашоў. Але адказаў на адвечныя пытанні «што рабіць?» і «хто вінаваты?» у тэкстах не знойдзеш.
Ды ці павінен даваць гэтыя адказы творца?

Чалавеку з чорна-белым успрыманнем свету цяжка зразумець Расцяраева.

Ён правы ці левы? За тых, хто на Балотнай ці на Паклоннай? Спявак ганіць НАТА з «с…чкай Кандалізай Райс», але спявае песні апальнага ДДТ.

У творчасці Расцяраева прасочваюцца ідэі «славянскага братэрства» і «рускасці». Вось што ён кажа пра жыхароў Беласточчыны, дзе быў папярэдні канцэрт: «Там жывуць цікавыя людзі.

Для рускіх яны палякі, для палякаў яны рускія. Для ўкраінцаў яны беларусы, а для беларусаў яны ўкраінцы. Але самі сябе яны лічаць рускімі».

У тонкасцях беластоцкай «рускасці» наш расейскі сусед не арыентуецца. дый казаў пра яе без імперскага апломбу.

Паслухаўшы песні і маналогі Расцяраева, можна зразумець сённяшняга «непафаснага» расійскага чалавека — чым ён жыве, што думае, як бачыць свет.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?