Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што чалавек мае права сам выбіраць, на якой дзяржаўнай мове яму вучыцца — расійскай або беларускай.

«Навошта падымаць пытанні, калі яны даўно вырашаныя або спакойна вырашаюцца самі па сабе», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу Полацкі дзяржаўны універсітэт.

Гэтае пытанне ўзнікла ў час наведвання Лукашэнкам бібліятэкі гістарычнага факультэта ВНУ, калі ён убачыў падручнікі па гісторыі на расейскай мове.
«Чаго вы вырашылі перайсці на адну мову?», — спытаў Лукашэнка ў чыноўнікаў, якія суправаджалі яго.
«Навошта лезці ў гэтыя пытанні? Хоча Косінец [старшыня Віцебскага аблвыканкама] вывучаць на беларускай мове гісторыю сярэдніх вякоў — хай вывучае. Хоча Радзькоў [першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта] вывучаць на расійскай мове — хай вывучае», — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ў свой час ён скончыў расейскамоўную сярэднюю школу. «Але я нармальна здаваў іспыты і на беларускай мове», — сказаў Лукашэнка.

У кантэксце апошніх падзей гэта азначае забарону пераводу навучання гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускую мову — з такой ініцыятывай быў выступіў міністр Маскевіч. Раней іх выкладалі на роднай мове ва ўсіх сярэдніх школах, але ў часе міністравання Радзькова выкладанне перавялі на «любую мову па жаданні бацькоў», што маскавала перавод на расейскую ў рэальнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?