Падрыхтоўка да свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») заслугоўвае станоўчай ацэнкі.

Такое меркаванне выказаў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна на выязным пасяджэнні пастаянна дзеючага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню свята, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

На пасяджэнні былі разгледжаны прадстаўленыя праекты сцэнарыяў і праграм асноўных мерапрыемстваў, прапановы па мастацкаму афармленню сцэнічных і іншых пляцовак
(пунктаў гандлю, выставачных павільёнаў), узоры лагатыпаў, рэкламна-інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі. У цэлым ход падрыхтоўкі свята «Купалле» ацэнены станоўча, па асобных пытаннях дадзены дадатковыя даручэнні.

Стартам свята, якое пройдзе 6–7 ліпеня, стане адкрыццё выстаўкі-кірмашу народных рамёстваў «Купальскі карагод». У ёй прымуць удзел майстры прыдняпроўскіх абласцей Беларусі, а таксама госці з Расіі і Украіны.

На мерапрыемстве будуць працаваць мабільныя творчыя групы, якія ствараюць кірмашовую атмасферу (скамарохі, латочнікі, вандроўныя музыканты і інш.)
.

Кульмінацыяй свята стане гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны «Славянскі карагод на Купальскім свяце», які пачнецца вечарам 6 ліпеня на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы свята на беразе Дняпра. Завершыцца гала-канцэрт феерверкам і лазерным шоу.

У вячэрне-начны час будзе праведзена абрадавая праграма «Купальская казка» з удзелам народных і фальклорных калектываў, якая ўключае ў сябе традыцыйнае купальскае вогнішча і агнявое шоу на акваторыі Дняпра.

Прадоўжыцца свята 7 ліпеня — цэнтральная канцэртная пляцоўка будзе задзейнічана на працягу ўсяго дня. Тут пройдзе канцэрт лаўрэатаў Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». А вечарам плануецца канцэрт аматарскіх калектываў Магілёўскай вобласці і гасцей свята «Купальскі карагод сяброў», а таксама канцэрт артыстаў эстрады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?