Каля 10 тысяч каталікоў у нядзелю прайшлі праз цэнтр Мінска працэсіяй Божага Цела, якая адбываецца ў сталіцы ў апошнюю нядзелю мая.

Працэсія рушыла следам за мітрапалітам мінска-магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам ад касцёла Святога Роха на Залатой горцы па праспекце Незалежнасці да Катэдры на плошчы Свабоды.

«Для нас свята Цела Хрыстова мае вельмі вялікае значэнне, таму што касцёл у Беларусі на працягу доўгага часу дзейнічаў у падполлі. Гэтае шэсце з'яўляецца маніфестацыяй нашай веры.
Мы паказваем, што мы ёсць у Беларусі і што нас шмат. А для маладых парафіяў гэта адзін з відаў падтрымкі, таму што яны пераконваюцца, што яны не самотныя ў справе касцёльнага будаўніцтва», – сказаў прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Юры Санько.

Па дарозе працэсія спынялася каля абеліска на плошчы Перамогі, каля Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы і царквы Святых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці. Працэсію ахоўвала міліцыя, якая спынялі рух машын на час праходу вернікаў.

У Беларусі жыве каля 1,5 млн каталікоў, якія складаюць 15% насельніцтва, – дадае Польскае агенцтва прэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?