У конкурсе Канскага кінафестывалю паказалі карціну Сяргея Лазніцы «У тумане» — змрочную і дакладна разлічаную экранізацыю аповесці Васіля Быкава.

Адным з самых уразлівых эпізодаў фільма «Шчасце маё», папярэдняй карціны Сяргея Лазніцы, была панарама рынкавай плошчы правінцыйнага гарадка — шэраг абыякавых, непранікальных твараў, чалавечае мора, у якім патоне любы індывід. Новая карціна рэжысёра «У тумане», экранізацыя аднайменнай аповесці Васіля Быкава, на рынкавай плошчы пачынаецца.

Першыя гады Вялікай Айчыннай, беларуская вёска, плошча напаўпустая, ніхто нічым не гандлюе, усе глядзяць у цэнтр або, наадварот, адводзяць вочы. Там адбываецца паказальнае пакаранне дыверсантаў.

Нямецкія ўлады на добрай расейскай мове паведамляюць з гучнамоўца нейкія весткі пра аднаўленне беларускай эканомікі (няўлоўна падобна да гаворкі Лукашэнкі).

Камера рухаецца плаўна, не спыняючыся, не перарываючыся на мантажныя злепкі, і замірае насупраць вазы з каровінымі косткамі ў тую секунду, калі здзяйсняецца экзекуцыя. Стаіць пачатковы тытр: «У тумане».

Параўнанняў з другой экранізацыяй прозы Быкава, «Узыходжаннем» Ларысы Шапіцько, не ўнікнуць. Тая гісторыя, заснаваная на аповесці «Сотнікаў», таксама пра двух партызанаў, пра здраду, пра маральны выбар. Камерная драма пра вялікую трагедыю. Але

Лазніца падхоплівае там, дзе Шапіцько спынілася: момант пакарання — толькі завязка яго карціны.

Калі ва «Узыходжанні» героі ішлі з лесу ў вёску, да людзей, то тут усё наадварот: ад населеных пунктаў, занятых немцамі, двое цэнтральных персанажаў «У тумане», Бураў і Войцік, рухаюцца праз лес назад, у партызанскі атрад.

Да яго, як здагадаецца любы, хто чытаў Быкава, ім дайсці не наканавана.

Трэці ў кампаніі — чыгуначны абходчык Сушчэня, здраднік. Уласна, мэта экспедыцыі партызан — яго пакаранне, адказ на забойства траіх таварышаў, якіх ён здаў нямецкім уладам: іх павесілі, а яго выпусцілі, тут і расследаваць няма чаго. Сушчэня падпарадкоўваецца не пярэчачы, амаль бязгучна. Толькі ён цвёрда ведае, што ні ў чым не вінаваты. Але ні яго суседзі, ні нават жонка не вераць у гэта; тым больш не павераць двое суровых мужыкоў з вінтоўкамі.

«У тумане» — гісторыя пра невінаватага,
гэтак жа як «Узыходжанне» было гісторыяй пра вінаватага. І калі ў фільме Шапіцько святы Сотнікаў узыходзіў на шыбеніцу, то ў Лазніцы (і ў Быкава — экранізацыя дасканала паўтарае тэкст) святы Сушчэня ў пакаранне атрымлівае жыццё.

Канская зала сустрэла карціну стрыманымі, але зусім не кароткімі апладысментамі. Абураліся ў асноўным расійцы: маўляў, аўтар абяцаў, што зробіць нешта супрацьлеглае ўсёй савецкай і постсавецкай традыцыі ваеннага кіно, а сам зняў звычайную драму на зададзеную тэму, ды яшчэ і з літаратурыстымі дыялогамі.

Сапраўды, быкаўская мова сёння гучыць і архаічна, і ўмоўна, але якраз гэта аддзяляе «У тумане» ад шматлікіх фільмаў-папярэднікаў.

Перад намі амаль тэатральная п’еса пра трох персанажаў — у пошуках аўтара або ў чаканні Гадо.

У кожнага свая мэта не толькі ў жыцці, але і ў гэтай канкрэтнай сітуацыі: бессюжэтнасць манатоннага паходу траіх знясіленых і заблукалых людзей праз лес кампенсуецца падрабязнымі флэшбэкамі.

Бураў (Улад Абашын) сам падарваў грузавік, рэквізаваны немцамі, і збег да партызанаў: ён шукае справядлівасці, але не ўпэўнены ў спосабах яе дасягнення. Як фармулюе яго маці, «дурнем ты быў, дурнем і застаўся». Войцік (Сяргей Колесаў), наадварот, не такі прынцыповы, хоць не пазбаўлены жыццёвай кемлівасці: мы бачым, як яму ўдаецца збегчы ад паліцаяў, здаўшы ім з трыбухамі сваіх пастаўшчыкоў-добраахвотаў.

З Сушчэнем усё прасцей. Ён сапраўды нікога не выдаваў, хоць і ў дыверсіі не ўдзельнічаў. Ён не вінаваты ні перад кім.

У эклектычных Канах-2012 «У тумане» мае двайніка — новую карціну датчаніна Томаса Вінтэрберга «Паляванне», частка дзеяння якой таксама адбываецца ў лесе, дзе гучаць стрэлы.
Галоўная паралель, зрэшты, не ў гэтым: «Паляванне» — таксама фільм пра невінаватага, у чыёй віне ўпэўненыя ўсе навакольныя, у тым ліку самыя блізкія.

Сімпатычнага супрацоўніка дзіцячага садка несправядліва падазраюць у разбэшчванні малалетніх. Збянтэжаны абсурднасцю абвінавачання, ён толкам не спрабуе абараняцца — і аказваецца парыяй, адшчапенцам, якога не можа рэабілітаваць ніякі вердыкт суда.

Нават цывілізаваныя сучасныя еўрапейцы радыя адкінуць паліткарэктнасць і ўключыцца ў калектыўнае паляванне на ведзьмаў. Што ўжо казаць пра знясіленых голадам і вайной беларусаў.

Хоць гаворка, шчыра кажучы, не пра іх, а пра нас. «У тумане» — злавесна сучаснае кіно, пры ўсёй прыглушанасці фарбаў і дбайнасці гістарычнага антуражу.

Інтэлектуал Лазніца — з ліку тых, хто пастаянна правярае гармонію (а часцей дысгармонію) алгебрай, за што рэгулярна атрымлівае папрокі.
«У тумане» — таксама матэматычна разлічанае кіно. Але самае важнае ў гэтай формуле застаецца ірацыянальным, неспасціжным.
Навошта заставацца верным сабе і ўпарта адмаўляцца ад кампрамісу са злом, калі за гэта не атрымаеш нават пасмяротнай узнагароды, калі ведаць пра адмову будзеш толькі ты сам?
Паглыбляючыся ў лес, усё далей ад чалавечых законаў і пастановаў, двое з вінтоўкамі не могуць даць адказу, а таму і паверыць. Ужо занадта простай здаецца разгадка гэтага рэбуса: дужы барадаты хлопец з празрыстым позіркам і коснаязыкай гаворкай, чый маральны кодэкс сфармуляваны аднаскладовым «не магу».
Апошнюю мяжу супраціву злу Лазніца пазначае проста і дасканала — унутраная адказнасць перад сабой, а не Богам, дзяржавай або соцыумам.

Малады беларускі артыст Уладзімір Свірскі, выпускнік майстэрні Яўгена Камяньковіча і Дзмітрыя Крымава ў ГІТІСе, у ролі Сушчэні дэманструе наўмысную двухвымернасць:

гэта ідэальны і менавіта таму няпэўны для навакольных чалавек, для якога не існуе ўнутраных супярэчнасцяў.
Адсюль яго дзівосная сіла, што люстрана адбівае сілу духу: у нейкі момант ён літаральна нясе на сабе сваіх катаў. Выдатныя акторы занятыя ў ролях эпізадычных, ледзь прыкметных, і калі перформанс Улада Іванова ў фуражцы і мундзіры афіцэра SD або Юліі Перэсільд у якасці жонкі Сушчэні яшчэ заслугоўваюць сур’ёзнага разбору, то з’яўленне Надзеі Маркінай (маці Бурава) або Міхаіла Яўланава з Барысам Каморзіным (пара паліцаяў) — ужо своеасаблівыя знакі, кіўкі убок, а не паўнавартасныя працы.

Але традыцыйнай псіхалагічнай гульні тут і не патрабуецца:

месца інжынерыі чалавечых душаў займае этыка — якая, паводле Лазніцы, і ёсць вышэйшая матэматыка.

Наступную карціну Сяргей Лазніца збіраецца здымаць пра Бабін Яр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?