Неяк пазваніў адзін з былых студэнтаў з пытаннем, чаму не было мяне на адкрыцці выстаўкі прысвечанай Якубу Коласу ў Галоўнай бібліятэцы Гданьскага універсітэта 16 красавіка. Лагічна думаючы, не ўяўляў ён, што такая выстаўка магла б прайсці па-за ўвагай беларусаў, якія пражываюць у Трыгарадзе. Прыйшлося прызнацца, што ніхто з іх, відаць, пра яе не ведаў, бо беларусаў на яе не запрашалі.

Паколькі выстаўка працавала да 6 мая, удалося яе паглядзець пры нагодзе наведання бібліятэкі. Паводле тых, якія пасьпелі яе пабачыць раней за мяне, “нечага на ёй не хапала”. Па-першае,

на ўваходзе ў бібліятэку, амаль не звяртаючы на сябе ўвагі, вісела шэрая афіша выстаўкі памеру А4. Трэба было спецыяльна затрымацца перад табліцай з аб’явамі, каб прачытаць пра гэтую падзею.
Беларускія студэнты, якія часта праседжваюць у бібліятэцы нават і не заўважылі гэтай аб’явы і пра выстаўку даведаліся, сустрэўшы там мяне.

Аглядаючы выстаўку адчувала расчараваньне ад яе. Прыпомнілася мне нашая грамадзкая ініцыятыва ў той жа бібліятэцы ў 2007 г., калі 25 чэрвеня адкрывалі там у галоўным холе выстаўку пра Янку Купалу “Мне сняцца сны аб Беларусі...”, дзе і валошкі з рамонкамі былі, і багата экспанатаў з прыватных калекцыяў.

Выстаўку пра Якуба Коласа, як удалося на месцы высветліць, ладзілі Генеральнае Консульства Рэспублікі Беларусь у Гданьску з яго новым консулем Аляксандрам Каралём, Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве, Галоўная бібліятэка Гданьскага універсітэта і фонд “Цэнтр дыялогу культур” імя Якуба Коласа ў Хэлмне.
Такія ўстановы прынамсі паявіліся на запрашэннях, якія можна знайсьці ў інтэрнэце. Першае, што звяртае ўвагу, гэта недахоп загалоўка.
Няўжо не хапіла радкоў у творчасьці Якуба Коласа, каб выстаўку падняць да паэтычнага ўзроўню, называючы яе хаця б “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы...”, што гучыць асабліва тужліва далёка ад Беларусі і што часта цытуецца старэйшымі выхадцамі адтуль.
А так вось проста запрашалася на “урачыстае адкрыццё выставы графічных прац Лазара Рана і фота, прысвечаных жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа з нагоды 130-годдзя”.

На памятнай лістоўцы фармату А4 у гонар выстаўкі знайшліся два партрэты класіка, здымак дому-музея ў Мінску і партрэт мастака Лазара Рана (1909-1989) з кароткай даведкай пра яго. Шкада, не хапіла месца на асноўнае, калі нарадзіўся Якуб Колас. Для ўсіх, якія збіраюцца яшчэ святкаваць юбілей, згадаю – дзень народзінаў выпадае 22 кастрычніка (3 лістапада па старым стылі) 1882 г.

Найцікавейшае на выстаўцы -- графічныя працы Лазара Рана, выкананыя тэхнікай афорту. Чорна-белыя, невялікага памеру, паказваюць Якуба Коласа, яго сям’ю і мясціны з імі звязаныя. Цікава было б даведацца, чаму менавіта гэтыя працы паказаныя? Ці былі нейкія асаблівыя адносіны паміж паэтам і мастаком? Другая частка выстаўкі – гэта сучасныя каляровыя здымкі, на якіх прадстаўленыя мясціны ў Беларусі звязаныя з Якубам Коласам. На жаль ні аўтар гэтых здымкаў нідзе не ўказаны, ні няма пад імі подпісаў, што прадстаўляюць. Няўжо робячы на такім узроўні выстаўку не хапіла часу на подпісы?

І яшчэ плакат на выстаўцы, які інфармуе пра Якуба Коласа – вядома, на польскай мове. Шмат у ім сцвяржэнняў і намёкаў наконт сувязяў класіка з польскай літаратурай – прозвішча Міцкевіч, захапленне польскай літаратурай... Ажно думаецца, чаму гэта Канстанцін Міцкевіч не пайшоў слядамі свайго цёзкі Адама, толькі стаў класікам беларускай літаратуры. Кожны абазнаны з класікай польскай літаратуры, хто прачытае, што Якуб Колас высока цаніў “паэму Г.Сянкевіча “Янка Музыкант”, можа насмяяцца, бо “Janko Muzykant” хоць і нагадвае загалоўкам Коласавага “Сымона-музыку”, гэта навела са школьнай праграмы. Не ведаю, чаму таксама загаловак аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” падаецца на польскай мове як „Drygwa”, калі з 1950 г. вядомы яе пераклад як „Trzęsawisko”.

Найважнейшае, чаго чакаецца на выстаўцы прысвечанай пісьменніку, гэта кнігі – яго і пра яго. На жаль іх было ўсяго тры – усе са збору універсітэцкай бібліятэкі. Праўда, добра пашукаўшы ў бібліятэцы можна было б знайсьці яшчэ шмат што з творчасці Якуба Коласа ў перакладзе на польскую мову або артыкулы пра яго ў польскіх часопісах (m.in. „Literatura Radziecka”, „Literatura na Świecie”, „Przyjaźń” „Studia polono-slavica-orientalia”) або ў беластоцкай “Ніве” ці „Czasopisie”, якія таксама захоўваюцца ў бібліятэцы.

Чаму на выстаўцы забракла паэмы “Новая зямля” ў арыгінале і ў перакладзе на польскую мову Чэславам Сэнюхам, якая была выдадзеная Польскім Інстытутам у Мінску ў 2002 г. накладам у 5 тысяч экзэмпляраў? Менавіта яна ёсьць сапраўдным доказам зацікаўлення Якубам Коласам у Польшчы.

Арганізатары напісалі пра пажаданыя ўражанні ад выстаўкі, якая: “дазваляе візуальна і эмацыйна ўявіць родны край паэта, перанесціся ў часы, калі паўставалі творы Якуба Коласа і тым самым зазірнуць у самую яго душу, адчуць і ўсвядоміць лірычную цеплыню яго творчасці”. Але ў мяне на гэтае жаданне бачылася зусім другое – здзейсненая абы-як падзея, неахайна і напэўна далёка ад апалітычнасьці, пра якую часта гаворыцца з нагоды культурных мерапрыемстваў ладжаных дыпламатычным прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Дастаткова паглядзець здымкі ў інтэрнэце. Дастаткова задумацца, чаму не запрошаныя былі беларусы, хаця запрашаліся асабіста палітыкі СЛД, быццам бы ім Якуб Колас важнейшы, чым сотні расцярушаных беларусаў.

А адносна пераносу ў часы, калі паўставалі творы Якуба Коласа і зазірання ў самую яго душу, згадаўся мне паказальны палітычны працэс “лістападаўцаў” у 1926 г. у Мінску, на якім Якуб Колас быў прымушаны выступаць як сведка – цікава, як тады сябе адчуваў, калі мусіў выступаць супраць сяброў? Зазірнуць бы ў яго душу і тады, калі знішчалі беларускую інтэлігэнцыю, ягоных сяброў, пасьля 1929 г. і праз усе 30-я гады, асабліва ў 1937-1938... Цікава ці перамагаў у ёй страх ці пачуццё шчасця з нагоды ўцалеўшага жыцця за цану жывога класіка?

І яшчэ адно, што мяне зацікавіла гэта Fundacja Centrum Dialogu Kultur im. Jakuba Kołasa w Chełmnie – што яна робіць для памяці пра свайго патрона, калі на старонцы да выбару ёсьць мовы польская, расейская і англійская. Хацелася б спытаць, а дзе беларуская? Шкада, няма ў гісторыі ўзнікнення паяснення назвы, чаму менавіта Якуб Колас заслужыў на такі гонар у Хэлмне, а не Наталля Арсеньнева і Францішак Кушаль, якія ў міжваенны час жылі ў гэтым горадзе? Але гэта ўжо іншая тэма, на якую прыйдзе яшчэ свой час. А зараз пры нагодзе юбілейнага году Якуба Коласа можа варта пацікавіцца такім фондам – адкуль пашана да Якуба Коласа якраз у Хэлмне, няўжо там пражывае яго сям’я або фанаты ягонай творчасці...

Гданьск, 25 мая 2012 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0