Пяцьдзесят год таму шэсьць эўрапейскіх краінаў аб’ядналіся дзеля стварэньня ўнікальнай формы рэгіянальнай арганізацыі. Яе мэтай было не дапусьціць вяртаньня вайны на эўрапейскі кантынэнт – вайны, што пакідае пасьля сябе толькі сьмерць і спусташэньне.

Гэтая ініцыятыва, без сумневу, аказалася надзвычай пасьпяховай. На працягу наступных пяцідзесяці год краіны, што прынялі ў ёй удзел, дасягнулі беспрэцэндэнтнага ўзроўню міру, дабрабыту і стабільнасьці. Не спыняючыся на гэтых дасягненьнях, яны пашырылі інтэграцыю на шэраг іншых сфэраў. За гэты пэрыяд арганізацыя выйшла за межы гандлёвага блёку, што каардынаваў гандлёвую палітыку краінаў‑удзельнікаў і ўсталёўваў агульныя зьнешнія тарыфы. Аб’ядноўваючы 27 дзяржаваў, цяперашні Эўразьвяз ёсьць палітычнай арганізацыяй, якая дзейнічае ўва ўсіх сфэрах, зь якімі зьвязаныя найбольш сур’ёзныя выклікі ХХІ стагодзьдзя.

Для краінаў усяго сьвету гэта азначае, што сёньня мы зьяўляемся для іх чымсьці большым за гандлёвага партнэра. ЭЗ – гэта стратэгічны партнэр у такіх разнастайных сфэрах, як супрацьдзеяньне міжнароднаму тэрарызму, барацьба зь зьменамі клімату і ВІЧ/СНІДам, урэгуляваньне найбольш вострых канфліктаў на плянэце.

У стасунках зь міжнароднымі партнэрамі мы імкнемся распаўсюджваць каштоўнасьці, якія, на нашую думку, дапамаглі нам дасягнуць эўрапейскага посьпеху. Наш дабрабыт стаў вынікам спэцыфічнай формы рэгіянальнага супрацоўніцтва, што разьвіваецца разам з паглыбленай адданасьцю ідэалам дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона. Менавіта гэтым досьведам, які ёсьць сакрэтам нашага ўласнага посьпеху, мы і імкнемся падзяліцца зь іншымі дязржавамі.

На міжнароднай арэне Эўразьвяз дзейнічае ў цэлым шэрагу разнастайных сфэраў. У той жа час агульная зьнешняя палітыка ЭЗ – адносна новы элемэнт нашай дзейнасьці: яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі разьвіцьця. Мы разумеем, што часам нашым партнэрам складана дакладна зразумець, як працаваць з Эўразьвязам. Аднак, нягледзячы на тое, што ЭЗ, магчыма, ня самы просты міжнародны партнэр, ён, без сумневу, застаецца адной з самых уплывовых сілаў у сучасным сьвеце. І мы маем амбіцыі па ажыцьцяўленьні яшчэ большага ўнёску ў разьвіцьцё міжнароднай супольнасьці і нашых партнэраў па ўсім сьвеце.

Часта забываюць, што Эўразьвяз – гэта найбуйнейшы сусьветны донар міжнароднай дапамогі. На сёньняшні дзень мы аказваем 60% усёй афіцыйнай сусьветнай дапамогі, што даецца на мэты разьвіцьця; а аб’ём унёску Эўрапейскай Камісіі складае больш за 7 млрд. эўра. Мы імкнемся ажыцьцяўляць эфэктыўную барацьбу зь беднасьцю і выдзяляць гуманітарную дапамогу ўсім краінам і рэгіёнам, якія яе патрабуюць.

Акрамя таго, мы накіроўваем свае рэсурсы для забесьпячэньня дабрабыту і стабільнасьці іншых дзяржаваў. ЭЗ распрацаваў унікальны мэханізм дапамогі краінам пераходнага пэрыяду. Нашыя веды ў гэтай сфэры сфармаваліся дзякуючы ўласнаму досьведу – досьведу дапамогі краінам Паўднёвай Эўропы, а ў далейшым краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў ажыцьцяўленьні пераходу да рынкавай эканомікі і адкрытага грамадзтва. Сёньня мы спрабуем выкарыстаць гэтыя веды і ўменьні ў іншых рэгіёнах, каб дапамагчы большай колькасьці дзяржаваў дасягнуць аналягічнага ўзроўню дабрабыту і стабільнасьці.

Эўразьвяз мае густую сетку фармальных пагадненьняў, заключаных з цэлым шэрагам краінаў сьвету. Усяго ЭЗ мае на плянэце 130 прадстаўніцтваў, у тым ліку і на Ўкраіне, якія займаюцца пытаньнямі ў сфэрах гандлю, энэргетыкі, навакольнага асяродзьдзя, правоў чалавека і барацьбы зь міжнароднай злачыннасьцю. Мы ствараем усё большую колькасьць інструмэнтаў зьнешняй палітыкі, што закранаюць ня толькі гандаль альбо палітыку ў сфэры зьнешняй дапамогі, але і пытаньні хуткага рэагаваньня на гуманітарныя крызісы ці функцыянаваньня эўрапейскіх паліцэйскіх і ваеных місіяў у розных рэгіёнах сьвету. Узмацняючы сваю ролю на плянэце, мы імкнемся выкарыстаць гэтыя інструмэнты як мага больш пасьлядоўна і эфэктыўна, незалежна ад таго, ідзе гаворка пра Ліван, Заходнія Балканы альбо Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

Ужо сёньня наш унёсак у вырашэньне міжнародных праблемаў істотны: Эўразьвяз грае важную ролю ў пошуку шляхоў урэгуляваньня канфлікту на Бліжнім Усходзе альбо сытуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы. ЭЗ ёсьць сусьветным лідэрам у пытаньнях барацьбы зь зьменамі клімату ці ў сфэры энэргетычнай бясьпекі, зьяўляючыся прыкладам для іншых дзяржаваў. Няма сумневаў, што ўсе гэтыя пытаньні будуць заставацца ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадзкасьці на працягу бліжэйшых месяцаў і год.

На наш погляд, шлях да іх вырашэньня ляжыць выключна праз партнэрства. Менавіта з гэтай прычыны мы надаем такое значэньне адносінам з нашымі партнэрамі па ўсім сьвеце. І менавіта таму мы адстойваем ідэю шматбаковага падыходу ў вырашэньні праблемаў альбо прыняцьці рашэньняў. Мы цалкам падтрымліваем такія інстытуты сусьветнага кіраваньня, як Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў альбо Сусьветная гандлёвая арганізацыя. Мы таксама імкнемся ажыцьцяўляць далейшае супрацоўніцтва з нашымі партнэрамі для ўмацаваньня гэтых арганізацыяў і шматбаковага парадку, што падтрымліваецца імі і што заснаваны на дакладных правілах.

ЭЗ ня ёсьць завершаным праектам. Нашыя інстытуты і іх паўнамоцтвы ўсё яшчэ знаходзяцца ў стадыі разьвіцьця, перадусім у сфэры зьнешняй палітыкі. Аднак, ужо на сёньняшні дзень зразумела, што для мноства краінаў сьвету ЭЗ ёсьць нечым большым за гандлёвага партнэра, якім ён быў нейкі час таму. Яны бачаць стратэгічную каштоўнасьць узмацненьня супрацоўніцтва з намі; мы, у сваю чаргу, бачым стратэгічную каштоўнасьць узмацненьня супрацоўніцтва зь імі.

Падобным чынам, грамадзяне ЭЗ чакаюць ад сваіх лідэраў пераўтварэньня Эўропы ў магутную міжнародную сілу. Яны хочуць, каб мы палепшылі ня толькі жыцьцё эўрапейцаў альбо грамадзянаў суседніх дзяржаваў, а і жыцьцё людзей ува ўсім сьвеце. Менавіта такой ёсьць нашая мэта на бліжэйшыя 50 год: мы імкнемся выкарыстаць эўрапейскія дасягненьні мінулых пяці дзесяцігодзьдзяў – наш дабрабыт, наш мір і наш досьвед – ня толькі для падтрыманьня нашага ўласнага стандарту жыцьця, але і для карысьці іншых дзяржаваў і рэгіёнаў сьвету.

Бэніта Фэрэра‑Вальднэр,
Эўрапейскі Камісар па пытаньнях зьнешніх стасункаў і эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0