Унітарнае паліграфічнае прадпрыемства «Віцебская абласная друкарня» 22 сакавіка адмовілася друкаваць незалежную грамадска‑палітычную газету «Витебский курьер».

Пра гэта БелаПАН паведаміў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Базан. «Пра тое, што з «Витебским курьером» не будзе заключаны дагавор на друкаванне выдання, прадстаўнікам рэдакцыі — выканаўчаму дырэктару і юрысту — заявіў дырэктар абласной друкарні Яўген Ларычаў. Пры гэтым ён не патлумачыў прычыну адмовы», — сказаў У.Базан.

Паводле яго слоў, нягледзячы на адмову друкарні, заўтрашні нумар газеты («Витебский курьер» выходзіць двойчы на тыдзень — па аўторках і пятніцах) усё ж трапіць да чытачоў. Накладам 1.700 асобнікаў нумар друкуецца на прынтэры ў офісе рэдакцыі. Ён будзе мець фармат А4 (раней А2).

Газета «Витебский курьер» выдавалася з 1906 па 1913 гады. Пасля працяглага перапынку выпуск выдання быў адноўлены 9 чэрвеня 1990 года. Са студзеня 2006 года віцебскі філіял «Белпошты» і прадпрыемства «Віцебскаблсаюздрук» без тлумачэння прычын скасавалі дагаворы з «Витебским курьером» аб дастаўцы газеты падпісчыкам і распаўсюджванні праз кіёскі. Цяпер газета даходзіць да чытачоў праз грамадскіх распаўсюджвальнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?