Прадпрыемствы — удзельнікі маніторынгу Нацыянальнага банка Беларусі адзначаюць негатыўныя змяненні большасці паказчыкаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў студзені-красавіку 2012 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Нацбанку са спасылкай на аналітычны агляд «Маніторынг прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі Рэспублікі Беларусь».

«Пагоршылася эканамічная кан’юнктура і эканамічнае становішча многіх прадпрыемстваў. Ніжэй за ўзровень студзеня-красавіка 2011 года склаліся значэнні індэксу бізнес-клімату, паказчыкі вытворчасці, рэалізацыі, загрузкі вытворчых магутнасцяў, фізічнага аб’ёму заявак на ўнутраным і знешнім рынках, попыту, чыстага прыбытку. Павялічыліся тэмпы росту нерэалізаванай прадукцыі», — канстатуюць аналітыкі Нацбанка.

Разам з тым, гаворыцца ў маніторынгу, у красавіку «азначыліся пэўныя пазітыўныя зрухі, і значэнні большасці паказчыкаў наблізіліся да іх узроўняў адпаведнага перыяду мінулага года».

Ва ўмовах узмацнення жорсткасці ўмоў крэдытавання і дзеяння іншых негатыўных фактараў скарачаліся рэшткі грашовых сродкаў на рахунках прадпрыемстваў, памяншаліся ўласныя абаротныя сродкі. Тэмпы росту пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасці ў студзені-красавіку 2012 года склаліся вышэйшыя, чым за аналагічны перыяд 2011 года.

Тэмпы росту выдаткаў вытворчасці ў студзені-красавіку 2012 года запаволіліся, аднак узровень іх быў значна вышэйшы за ўзровень адпаведнага перыяду 2011 года.

Нароўні з гэтым тэмпы росту адпускных цэн на прадукцыю ў студзені-красавіку 2012 года былі ніжэйшыя, чым за такі ж леташні перыяд.

У студзені-красавіку 2012 года ўплыў на гаспадарчую дзейнасць удзельнікаў маніторынгу попыту, забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі, умоў крэдытавання, рызыкі гаспадарчай дзейнасці, пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай завінавачанасці быў вышэйшы, чым у студзені-красавіку мінулага года. Разам з тым у красавіку 2012 года прадпрыемствы — удзельнікі маніторынгу адзначылі паслабленне ўплыву прыведзеных фактараў.

Кан’юнктурны агляд складзены на аснове апытання 1.995 прадпрыемстваў Беларусі. Ацэнкі змянення эканамічнай кан’юнктуры прадставілі 297 прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці, 260 — Віцебскай, 267 — Гомельскай, 240 — Гродзенскай, 401 прадпрыемства Мінска, 257 прадпрыемстваў Мінскай вобласці і 273 прадпрыемствы Магілёўскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?