Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў аптымістычна ацэньвае цяперашнія адносіны з Беларуссю. «На мой погляд, сёння яны перажываюць вельмі добры час Яны ведалі розныя часы, але цяпер гэта час вельмі добры, бо, акрамя таго што ёсць палітычнае паразуменне па ўсіх пытаннях, ёсць і поспехі ў эканоміцы», — заявіў Мядзведзеў 29 мая падчас размовы з беларускім калегам Міхаілам Мясніковічам у Туркменістане, дзе адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін — удзельніц СНД.

«Я паглядзеў: таваразварот расце, ён ужо набліжаецца да 40 млрд даляраў па выніках мінулага года. Гэта вынік актыўнай працы двух урадаў, прадпрымальнікаў дзвюх краін, але і вынік стварэння Мытнага саюза», — падае словы Мядзведзева прэс-служба Белага дома.

Расейскі прэм’ер «яшчэ раз запрасіў Мясніковіча ў Санкт-Пецярбург, дзе 15 чэрвеня пройдзе сустрэча кіраўнікоў урадаў Мытнага саюза». У сваю чаргу кіраўнік беларускага ўрада «пацвердзіў намер узяць удзел у сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Ён таксама павіншаваў Мядзведзева з прызначэннем яго на пасаду прэм’ер-міністра і абраннем лідарам кіруючай партыі «Адзіная Расія».

Мясніковіч перадаў расійскаму прэм’еру «прывітанне ад беларускага прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі». Ён адзначыў, што ў Беларусі рыхтуюцца да візіту прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. «Так, гэта вельмі важная падзея ў гісторыі нашых адносін, таму што свой першы візіт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін як новы прэзідэнт здзяйсняе менавіта ў Беларусь», — сказаў Мядзведзеў (цытата пададзеная без зменаў).

Прэм’ер-міністры краін СНД 30 мая абмяркуюць 30 пытанняў. Яны, у прыватнасці, разгледзяць канцэпцыю лібералізацыі рынку фінансавых паслуг дзяржаў СНД. Асаблівая ўвага будзе нададзеная падрыхтоўцы пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне інтэграванага валютнага рынку. Плануецца таксама прыняцце стратэгіі развіцця фізічнай культуры і спорту да 2020 года і пагаднення аб савеце па турызме. Прэм’еры зацвердзяць план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?