У чацвер дэпутат Дзярждумы Расіі і адзін з лідараў патрыятычнага крыла «Родины» Андрэй Савельеў абвясціў аб стварэнні новай палітычнай партыі. Магчымым кіраўніком партыі нечакана названы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Гэта адбылося на паседжанні прэзідыюма «Кангрэсу Рускіх Абшчын».

Мяркуецца, што новая партыя возьме ўдзел у парламенцкіх выбарах ў Дзярждуму, якія адбудуцца ў снежні сёлета. Трэба адзначыць, што ў расійскім грамадстве ўсё больш і больш абмяркоўваецца тэма ўдзелу Аляксандра Рыгоравіча ў палітычным жыцці краіны‑суседкі.

Еўрарадыё звязалася з аўтарам сенсацыйнай палітычнай заявы дэпутатам Дзярждумы Андрэем Савельевым. Мы пацікавіліся, наколькі верагодны такія чуткі. Між іншым, дэпутат Савельеў з’яўляецца намеснікам кіраўніка камітэта Дзярждумы па канстытуцыйным заканадаўстве.

Андрэй Савельеў: «Мы не спяшаемся аб гэтым аб’яўляць афіцыйна. Таму што для таго, каб гэта адбылося, патрэбны перамовы. Тут важкі не толькі наш погляд, але і яго асабістая згода. Таму такія ідэі выказваюцца.

Партыя яшчэ не створаная, плануецца ўстаноўчы з’езд, які пройдзе ў сярэдзіне красавіка. Але бясспрэчна адно: мы будзам падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча ва ўсіх яго пачынаннях.»

Але ж адразу ўзнікае пытанне, ці здольны будзе Аляксандр Рыгоравіч са сваім беларускім пашпартам удзельнічаць якім‑небудзь чынам у палітычным жыцці Расіі. Працягвае Андрэй Савельеў:

«Грамадзянства Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь роўныя. У нас роўнасць у правах адной і другой краіны, згодна з тым, што ў нас створана саюзная дзяржава. Таму ніякіх перашкодаў, на наш погляд, не існуе.»

Канешне, мы не маглі не запытацца ў дэпутата, чым абумоўлены выбар кандыдатуры Лукашэнкі:

«Што тычыцца яго запрашэння на пасаду кіраўніка партыі ці вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Расійскай Федэрацыі, то гэта справа будучыні. Я думаю, што праблема вырашыцца бліжэй да выбараў.

Чаму менавіта Лукашэнка? Таму што менавіта ён зараз з’яўляецца лідарам усяго славянскага свету. Адзіным сувярэнным палітыкам. Прэзтдэнт Расійскай Федэрацыі такім не з’яўляецца. Таму мы будзем падтрымліваць прэзідэнта Беларусі, а не Расіі.»

Вядома, што былы старшыня партыі «Родина» Дзмітрый Рагозін вельмі станоўча ставіцца да кандыдатуры Лукашэнкі. На жаль, сам дэпутат зараз знаходзіцца ў вандроўцы па рэгіёнах Расіі.

Мы папрасілі расказаць нам пра паседжанне прэзідыюма «Кангрэсу Рускіх Абшчын» Лідзію Міхайлаву, прэсавую сакратарку Дзмітрыя Рагозіна:

«У нас, насамрэч, абсалютная большасць прыхільнікаў Аляксандра Рыгоравіча. Нашы сябры сапраўды хацелі б, каб ён распаўсюдзіў свой уплыў не толькі на Беларусь, але і на астатнія краіны, прычым як мага шырэй.

Але ж гэта не з’яўляецца агучанай палітычнай лініяй Кангрэсу Рускіх Абшчын. Тым не менш гэта ўсё чуткі, у якіх ёсць свая доля ісціны.»

Пракаментаваць, што могуць азначаць такія прапановы з пункту гледжання палітычных тэхналогіяў Еўрапейскае радыё папрасіла расійскага палітолага, дырэктара вядомага палітычнага цэнтра кансультавання «Ніккола М» Ігара Мінтусава:

«Тут дзве версіі, да таго ж адна выключае другую. Першая: што з дапамогай імя Лукашэнкі палітык жадае павялічыць амбіцыі пры стварэнні новага аб’яднання, што з’яўляецца нядрэнным палітычным крокам, каб прыцягнуць да сабе ўвагу.

А Лукашэнка менавіта таму, што з ім ёсць пэўныя кансерватыўна‑патрыятычныя асацыяцыі. Я думаю, што ў пэўнай часткі расійскага электарата існуе сімпатыя да спадара Лукашэнкі. Гэта немаладыя людзі, арыентаваныя на савецкія каштоўнасці.

А гэтага больш чым дастаткова дзеля таго, каб стварыць нядрэнную мікра‑партыю на нацыяналістычным фланзе.»

Мы таксама спыталі ў Ігара Мінтусава, ці выпадкова ў расійскім грамадстве за апошні час пачалі з’яўляюцца публікацыі наконт магчымага ўдзелу Аляксандра Рыгоравіча ў палітычным жыцці Расіі. Вось што ён нам распавёў:

«Адносіны да Лукашэнкі пасля студзеньскіх падзеяў з газам паміж дзвюмя краінамі вельмі стрыманыя. Таму я не думаю, што ўсе гэтыя пасылы ідуць ад тых дзесяці людзей, якія, умоўна кажучы, прымаюць рашэнні ў Расіі па ўсіх стратэгічна важкіх пытаннях.»

Насамрэч, ніхто не спытаў у самога спадара Лукашэнкі, ці жадае ён сам граць на расійскім палітычным полі. Да таго ж беларускі прэзідэнт чамусьці маўчыць, калі ўсё часцей у Расіі выкарыстоўваюць яго імя з карыслівымі палітычнымі мэтамі.

Але ж справа ў тым, што маўчанне таксама можа шмат чаго гаворыць.

Зміцер Траўчук, Эўрарадыё

Фота lukashenko2008.ru/

Глядзі яшчэ:
У Інтэрнэце зьявіўся сайт «Лукашенко — президент России-2008»
У Маскве прайшла прэзэнтацыя Руху «Лукашэнка – прэзыдэнт Расеі-2008»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0