Беларусь не выканала сваё абавязацельства скараціць пастаўкі сухога малака ў Расію.
Пра гэта заявіў БелаПАН кіраўнік расійскага Нацыянальнага саюза вытворцаў малака («Саюзмалако») Андрэй Даніленка, каментуючы патрабаванне ўдзельнікаў Усерасійскай нарады прадстаўнікоў прадпрыемстваў малочнай галіны забараніць увоз беларускай прадукцыі з 4 чэрвеня да 1 снежня.

Даніленка нагадаў, што ў лютым гэтага года «Саюзмалако» звярнулася з прапановай да міністраў сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі аб прыпыненні паставак на расійскі рынак сухога малака і малочнай сыроваткі. У пачатку сакавіка Мінсельгасхарч Беларусі паведаміў, што краіна звядзе да мінімуму пастаўкі сухога малака ў Расію з другога квартала.

«На жаль, на сёння пастаўкі сухога малака з Беларусі не прыпынены і не зніжаны ў аб’ёме.

І калі ў мінулыя гады Беларусь выконвала свае абавязацельствы па скарачэнні паставак сухога малака, то сёлета яна іх не выконвае», — заявіў Даніленка.

Паводле яго слоў, сухое малако з Беларусі складае львіную долю расійскага рынку, апрача таго, яго пастаўкі перавышаюць аб’ёмы расійскай вытворчасці. «Расія штогод атрымлівае з Беларусі прыблізна 60 тыс. тон сухога малака, разам з тым расійскія кампаніі ў год вырабляюць толькі 45–50 тыс. тон», — зазначыў суразмоўца.

Сітуацыя для расійскіх вытворцаў ускладняецца яшчэ і тым, што беларускія пастаўшчыкі сухога малака рэалізуюць сваю прадукцыю на рынку РФ па дэмпінгавых цэнах. У выніку ствараецца сур’ёзная пагроза развалу малочнага рынку Расіі, канстатуе кіраўнік «Саюзмалака».

«Прыпыненне паставак сухога малака з Беларусі зніме нагрузку на рынак у летні перыяд, калі ў нас лішак малака», — падкрэсліў Даніленка. Ён упэўнены, што ў сезон «вялікага малака» беларускім і расійскім вытворцам не трэба «адначасова штурхацца» на адным рынку, каб не перашкаджаць адзін аднаму. «Кожны з нас павінен быць на рынку, калі ў гэтым ёсць патрэба і мэтазгоднасць», — зазначыў Даніленка.

На яго погляд, каб раз і назаўсёды ўрэгуляваць пытанне аб пастаўках малака і малочнай прадукцыі, Беларусі і Расіі варта звярнуцца да вопыту Еўрасаюза, дзе ўведзена кватаванне аб’ёмаў вытворчасці і тавараабароту.
«Нам неабходна выкарыстаць вопыт ЕС, сесці за стол перамоў, вызначыцца адносна межавага аб’ёму малака і малочнай прадукцыі, які Расія можа спажываць, графіка спажывання, а таксама дамовіцца пра жорсткае выкананне гэтага графіка», — падкрэсліў кіраўнік «Саюзмалака».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?