А в Гродно я был, и видел Советскую площадь: так ведь хорошо сделали, удобно и для людей! А улочки там какие — узкие, убогие, не пройти не проехать.

(З размовы са старшынём прыёмнай Адміністрацыі прэзыдэнта.)

Пасьля шматлікіх парушэньняў заканадаўства, зьвязаных з рэканструкцыяй Горадні, навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы вырашылі даслаць звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. У зваротах пералічаныя асноўныя парушэньні заканадаўства, пададзеныя афіцыйныя паперы, якія гэта пацьвярджаюць. Укладзеныя копіі артыкулаў прэсы ў гэтай тэме. Грамадзяне просяць праверыць мэтазгоднасьць і рацыянальнасьць выкарыстаньня бюджэтных сродкаў на рэканструкцыю гістарычнага цэнтру, пракантраляваць далейшае выкананьне работ, іх адпаведнасьць заканадаўству, прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасьці.

Для ўпэўненасьці ў тым, што за справу возьмуцца, было вырашана накіраваць лісты ня поштай, а афіцыйна зарэгістраваць. Таму 12.03.07 я, Вольга Чайчыц, разам з Паўлам Каралёвым, накіравалася ў Адміністрацыю прэзыдэнта з надзеяй, што на вышэйшым узроўні праблема будзе вырашаная на карысьць закону.

У будынку адміністрацыі каля кожных дзьвярэй нас чакаў ахоўнік, які распытваў, зь якой мэтай мы ідзём, азнаямляўся з нашымі паперамі і толькі пасьля гэтага накіроўваў нас да наступнага пад’езду. Ужо з чацьвертага разу мы трапілі ў прыёмны пакой, дзе нас папрасілі трошачкі пачакаць (прычым прасілі па‑беларуску). Па нейкім часе зьявіўся жыцьцярадасны і вельмі добры на выгляд старшыня прыёмнага пакою. Запрасіў да сябе ў кабінэт. Пазнаёміўся з намі і, як добры бацька, пачаў распытваць:

— Што тебя , Паша, привело сюда?

Дзіўна, што не на вы. А мяне, напэўна, ён не заўважыў.

Паша пачаў распавядаць. Пасьля старшыня асабіста азнаёміўся з усімі нашымі паперамі, пранікся, сказаў, што мы малайцы, што цікавімся «старинкой», «ведь это очень важно, развивать культуру, потому что культура — залог здоровой нации». Ён казаў пра тое, што «старина — это очень хорошо, и я тоже очень люблю старинку, вот, например, недавно я ездил туда, где родился Тадеуш Костюшко». Спытаў у нас, ці мы ведаем, хто гэта. Ён быў у Мерачоўшчыне. У мяне ў гэты момант зьявілася думка, што, можа, да яго мае сэнс зьвярнуцца наконт Кобрына, і ў працяг размовы кажу:

— А вы ведаеце, што будуецца храм‑помнік Сувораву? (наіўная…)

— Да, знаю и полностью поддерживаю (трошачкі памылілася). Суворов всегда считал Кобрин своей Родиной.

— Радзімай? — вырвалася ў нас.

— Да, и когда ему было плохо, всегда ехал именно в Кобрин.

Праехалі…

Маўчым, мы ж прышлі па іншым пытаньні.

Пэўна, каб даказаць нам, што ён знаўца ў гісторыі, пачаў дзяліцца ўражаньнямі:

— И ещё в Мирачовщине видел я огромный дворец знаменитых белорусских князей Бобровских, — як ён іх назваў. Мы з Пашам не вытрымалі і ў адзін голас:

— Пуслоўскіх!

— Да, и там ещё аквариум в пол был вделан, сайчас же это не вернёшь, а жаль. А так культуру мы поддерживаем. Но Гродно — это немножко другое. Ведь нужно думать не только про здания, но и про людей. Им же жить и ездить где‑то нужно. А в Гродно я был, и видел Советскую площадь: так ведь хорошо сделали, удобно и для людей! А улочки там какие — узкие, убогие, не пройти не проехать.

— А вы былі калі‑небудзь у Вільні ці ў Кракаве?

— Ну, конечно, но ведь там совсем другая ситуация.

Спрабавалі нешта казаць пра праект, пра парушэньні, пра марнаваньне дзяржаўных сродкаў, але ўсе гэта не асабліва зацікавіла нашага суразмоўцу.

Нэрвы не вытрымлівалі. Паша папрасіў зарэгістраваць наш зварот. Суразмоўца ўпэўніў нас у тым, што ўсё афіцыйна, усё будзе належным чынам зарэгістравана, разгледжана і праверана. І даручыць ён гэтую справу, хутчэй за ўсе, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку. І ўсё б было вельмі файна, каб не адна маленькая драбяза: правяраць акурат і трэба мясцовыя ўлады. Атрымліваецца, што Саўчанка будзе правяраць сам сябе.

Паразважаўшы, наш суразмоўца сказаў, што ў такім выпадку, можа, ён і даручыць гэту справу Міністэрству архітэктуры, бо ні Міністэрства культуры, ні, тым болей, Камітэт Дзяржкантролю ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня.

Падзякаваў нам за актыўны ўдзел у жыцьці краіны і разьвітаўся. А калі праводзіў нас, раптам узгадаў нешта знаёмае яму з гісторыі:

— А вы знаете, почему Берёза Картузская так называется? Там Кутузов оставил свой картуз на берёзе, — а пра тое, што гэта проста легенда, і назва пайшла ад картузіянскага кляштара, ён і слухаць не хацеў. — Нет, все таки Кутузов там на самом деле был.

Паводле верша‑легенды там быў Сувораў.

Так, расчараваныя, спустошаныя і злосныя мы вырашылі не губляць надзеі і накіраваліся ў Дзяржкантроль. Павінны ж хаця б там зьвярнуць увагу на нерацыянальнае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў.

Да нас спусьціўся адказны па працы з насельніцтвам. Таксама азнаёміўся з нашай праблемай і запытаўся: «Чего это вы пришли к нам?» Мы з Пашам давай тлумачыць усё спачатку: парушэньне заканадаўства, марнаваньне дзяржаўных сродкаў…

— Так, так, всё понятно. Почему вы не обратились в областной госконтроль?

— Гэта вельмі важнае пытаньне, хацелася б, каб зь ім разабраліся на належным узроўні.

— Вы не доверяете областным структурам? Это очень странно...

— Скажыце, мы можам зарэгістраваць наш ліст?

— Конечно, отправте его в этот ящик для корреспонденции, и мы всё зарегистрируем. А то, что вы говорите на белорусском, малайцы. Мы имеем право говорить на любом государственном языке. Але беларускую мову я таксама вывучав у школе з первага па восьмы кляс.

— Дык, мы можам зарэгістраваць наш ліст?

— Вы меня слушаете? Я вам уже всё сказал.

— Скажыце, а якая ёсьць верагоднасьць таго, што дзяржкантроль зоймецца гэтым пытаньнем?

— Если мы посчитаем этот вопрос очень важным, то этим делом будет заниматься облгосконтроль, возможно, мы поручим это либо председателю облисполкома, либо председателю горисполкома.

І зноў, ці Саўчанка, ці Антоненка, будуць з сабой разьбірацца. Яны разьбяруцца. Жадаем посьпехаў!

Звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Камітэт дзяржкантролю можна пабачыць тут.

harodnia.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0