Днямі экс-мінчук Барыс Гельфанд прайграў матч за шахматнае чэмпіёнства ў фінале з Анандам, хоць і меў шанцы перамагчы.
Уся гэтая абсалютна праўдзівая гісторыя здарылася годзе дзесьці ў 1993—1994, калі Барыс Гельфанд, тады яшчэ беларускі гросмайстар, падаваў шахматныя надзеі і, як цяпер высвятляецца, дакументы на ПМЖ у Ізраіль.
Гросмайстар жыў у Мінску на вуліцы Кузьмы Чорнага непадалёк ад Батсаду, за сто метраў ад крамы «Тысяча дробязяў».У тым самым доме жыў мой аднакласнік. Назавём аднакласніка Ераміем, паводле біблійнага Ераміі, што ўзносіў свой фірмовы плач, — усё таму што ў гэтай гісторыі аднакласнік будзе шмат бедаваць і плакацца ад несправядлівых і справядлівых кар. Сапраўднага імені не скажу: нашто ўскідваць на вочы грахі юнацтва даросламу сур’ёзнаму чалавеку? Хоць, па шчырасці, калі апошні раз я бачыў Ерамію на афіцэрскіх курсах у Тэль-Авіве гадоў пяць таму, ён дарослым і сур’ёзным яшчэ не стаў: у звальненні вырашыў пасмаляць з «М-16» па пустэльным беразе Міжземнага мора з акна кватэры ды ўпоцемку прастрэліў нагу выпадковаму аматару прыбярэжнай рамантыкі.
Дык вернемся да гісторыі пра залаты медаль. Калі Барыс Гельфанд выпраўляўся на спаборніцтвы, яго мама, з якой ён жыў у кватэры на Чорнага, таксама з’язджала да сваякоў, каб не быць адной. І давала суседзям і сябрам — бацькам Ераміі — ключ ад кватэры, каб тыя палівалі кветкі.
І вось аднойчы, вярнуўшыся з чарговай паездкі, Барыс Гельфанд выявіў у кватэры сякія-такія нястачы.Гросмайстар, чалавек аналітычнага складу, хутка і абсалютна справядліва вылічыўшы Ерамію, сказаў ягоным бацькам гэтак: «Мы ўсе ў гэтым доме людзі не чужыя. Ваша мама мыла пялюшкі мне. Мая мама — вашаму Ераміі. І калі мы капнём далей, дык наша мінулае — суцэльнае радовішча з агульных пялюшак, але я не пра гэта... Я гатовы дараваць вашаму сыну разведзеную на сто працэнтаў вадой гарэлку, якую я пакідаў у бары серванта на чорны дзень, і нават скрадзены з бруха парцалянавага Рабіндраната Тагора залаты ланцуг, які я ашчадзіў на тую ж дату. Дарую ўсе страты, акрамя адной рэчы — і ваш непаўналетні бандыт Ерамія ведае якой менавіта. І калі гэтай рэчы не будзе праз 24 гадзіны, дык я маю намеры заявіцца ў міліцыю на Інструментальным завулку».
Усю гэтую Барысаву тыраду мне слова ў слова паўтарыў сам Ерамія, калі пануры прыцёгся да маёй кватэры і прадэманстраваў спярэшчаны чырвонымі пісягамі азадак.
Але што такое бацькава папруга, нават тысяча бацькавых папруг, у параўнанні з дзіцячай калоніяй?
Пакуль чытач мяркуе сабе, што гэта магла быць за такая каштоўная штучка-дручка, я дараспавяду некаторыя важныя факты пра Ерамію.
У школе, калі ты руды і яшчэ ў дадатак габрэй, дык ты без шанцаў. І толькі не трэба мне пра адсутнасць тут антысемітызму, бо я нервовы. Гэтак вы прыпадабняецеся да інжынера Івана Стасюка, удзельніка публічнага дыспуту на тэму «Ці ёсць антысемітызм у БССР?», што ладзіўся адным майскім вечарам на лавачцы ў дварэ Ераміявага-гельфандаўскага дома. На гэтым векапомным дыспуце баба Фаня з райана, прывёўшы шматлікія асабістыя прыклады і выпадкі з жыцця, здаецца, пераканаўча давяла, што антысемітызм, родненькі, ёсць, Іван Стасюк высунуў у супрацьвагу геніяльны ў сваёй вытанчанасці сілагізм: «Антысемітызму тут няма, дарагая Фаня Міхелеўна, бо я яго не адчуваю».
Дык вось, у школе Ерамію за адхіленні ад колеравай і нацыянальнай нормы лупцавалі штомоцы. Абражалі — яшчэ больш. І гэта доўжылася, пакуль на сёмым годзе біцця Ерамію не выратавала карцёжная гульня «рамс» на грошы. Не маючы здольнасцяў да спаборніцтваў і да тактыкі, на дзіва ўсёй школе Ерамія гуляў ад рана да рана, нават не наведваў заняткаў. Уваходзіў у гульню: крычаў, лётаў вакол, нервова соўгаўся і рыкаў ад нецярплівасці. Падпільноўваў, як гуляюць іншыя, рупна і доўга выпрацоўваў тактыкі ставак, блефу і хаджэння ва-банк. І заўсёды прайграваў.
Можа, у школе Ерамію і сталі лічыць яшчэ большым лашком, аднак я заўважыў цікавую акалічнасць: цяпер Ерамію перасталі лупцаваць. І зневажаць яго сталі значна менш.
Дзіва што. Суперніка, нават самага зненавіднага, не б’юць — бо ён жа не здолее ўзяць у рукі карты, якімі прагульвае табе грошы. І зневажаць таксама не рэкамендуецца — праціўнік можа пакрыўдзіцца і будзе сядзець дома, ды ягоныя багацці застануцца пры ім. Думаю, гэтак Ерамія, свядома прайграючы і стрымліваючы сваю гульнёвую спрактыкаванасць, купляў сяброў, а дакладней — падкупляў ворагаў. Вёў сваю партыю: паспяхова затыкаў хлебам рот злосніку свайму. І толькі каб выратавацца ад лупцоўкі, Ерамія гарэлку развёў вадою, а сям’ю Гельфандаў — на грошы. І потым, відаць, ад катастрафічнай нястачы прызавога фонду, створанага для падачак крыўдзіцелям, Ерамія сцягнуў тую рэч, якую скрадаць у гросмайстра нельга было ну ні ў якім разе.
Пачуўшы пра катэгарычныя Гельфандавы ўмовы ад панурага Ераміі, які цяпер на запрашэнне пасядзець сціпла адмаўляўся, я паабяцаў сябру, што дапамагу з пошукамі.
І пачаўся наш 24-гадзінны марафон.Ерамія прыгадваў маршрут сваіх рамсавых гастроляў, і мы беглі па адрасе: з Чорнага на праспект, з праспекта на Валгаградскую, Коласа, Трэцюю Пасялковую, нават з’ездзілі ў Серабранку да нейкага былога аднакласніка, які колісь вучыўся ў нашым раёне і разок перакінуўся з Ераміем у парцейку. За зварот каштоўнай рэчы Ерамія прапаноўваў былым супернікам па рамсе любыя багацці. Ушчуваў, плакаў, прасіў дазволу на вобшук хаты, станавіўся ля вушака дзвярэй на калені.
І здарыўся цуд: у кватэры нашага аднакласніка, Дзяніса Кажарчука, у вазачцы з паламанымі алоўкамі мы знайшлі тое, што беларускі гросмайстар Барыс Гельфанд ацаніў значна вышэй за ювілерны выраб і стратэгічныя запасы алкаголю.
Ерамія цалаваў Дзянісу ногі. Неяк па-дзявочы абяцаў думаць пра яго з удзячнасцю штовечар перад сном (маліцца тады мы яшчэ не ўмелі). Пакуль ён гэта рабіў, Дзяніс Кажарчук распавёў, як Ерамія, прайграўшы ў гэтай кватэры ўсе свае запасы грошай, пару пляшак разведзенай гарэлкі і яшчэ нейкую металічную нядбаліцу, нават не паспрабаваў адгуляцца і адразу сышоў. Потым рэзаліся ў карты без Ераміі, але гульцы не маглі сцяміць: як ацаніць гэты, падобны да юбілейнага рубля (але ўсё ж не рубель, бо без наміналу) — латунны кругляк?
Тое, што цяпер сціскаў шчаслівы Ерамія ў руках, было Гельфандавым залатым медалём за сканчэнне мінскай школы без адзінай чацвёркі.
Вось так. Потым я з’ехаў у Ізраіль, дзе меў яшчэ адну каляшахматную прыгоду, якая дазволіла мне сабраць матэрыял для апавядання «Як я выратаваў Гары Каспарава ад пэўнай смерці».
Гэтае апавяданне я напішу некалі потым. Відаць, калі Гары выйграе які-небудзь чэмпіянат. Бо як жа інакш, без асаблівай інфармацыйнай нагоды, выцягваць на свет Божы гульню, якая і недаспорт, і бесперспектыўны навіновы перастарак? Гульню, на якую ўсе энергічна забыліся, як забыліся колісь на залаты медаль Барыса Гельфанда ў купе паламаных алоўкаў? Бо як інакш, без мудрагелістых уступаў і залішніх прабачэнняў, прыгадаць людзей, якія быццам і жылі-былі па тутэйшых дварах, але ад якіх цяпер амаль ні следу, ні зыку? Бо як жа інакш, зусім без нагодаў, узяць і апісаць сваё юнацтва, якое, як упарта сведчаць усе навакольныя прыкметы, не існуе ўжо нідзе, за выключэннем нашай памяці?