Паводле "Інтэрфаксу", сёньня ў Менску нарэшце будзе падпісанае шматпакутнае гандлёвае пагадненьне між Беларусьсю і Расеяй. Хаця не паверу да канца, пакуль тое не адбудзецца дэ-факта.

Тры дні таму у Маскве ўжо былі сабраныя на ўрачыстую цырымонію журналісты, але ў выніку пачуваліся, як хто-кольвек з вымытай шыяй :)

Экспэрты патлумачылі сутнасьць справы так: наш урад баіцца экспансіі расейскага тавару. Таму ўжываецца тактыка зацягваньня часу ды выгандлёўваньня хоць дробных саступак.

Дадамо: нават калі паперу падпішуць, Маскве рана будзе лічыць, што партнэры-супернікі капітулявалі.

Бо дзеля вольнага доступу расейскай прадукцыі на тутэйшы рынак, як зазначалася, трэба скасаваць некалькі дзясяткаў нарматыўных актаў, прынятых беларускім урадам ды прэзыдэнтам. Самі разумееце, што гэты працэс таксама можа стацца надта вязкім...

Як і працэс стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе "Белтрансгазу".

Дый увогуле ўвесь сюжэт інтэграцыйнай сагі складаецца зь бясконцых дамоваў, якія потым пад рознай маркай не выконваюцца. Бо насамрэч інтарэсы кожнага з бакоў ад самага пачатку былі далёкія ад патэтычных лёзунгаў "братняй інтэграцыі".

Тое, што наш урад спрабуе зараз неяк адкруціцца ад нявыгадных умоў, накінутых расейскім бокам у выніку нафтагазавай вайны, па-свойму зразумела. Але адна рэч, калі час, выйграны такой партызанскай тактыкай, будзе скарыстаны дзеля эканамічнай перабудовы. Але ж ці ня возьме верх недальнабачная палітыка кансэрвацыі статус-кво?

Зрэшты, нават калі б ва ўрадзе былі спрэс рэфарматары — апошняе слова не за імі.

Тым часам — заўважылі? — расейскія кампаніі адна за адной адмаўляюцца ад паставак нафты на давальніцкай падставе. Кажуць: нявыгадна!

Дык вось, наш эканаміст Леанід Заіка сьцьвярджае: усё ня так проста. А менавіта: з боку расейцаў мае месца гульня з палітычнай матывацыяй. На думку Заікі, яны наўмысна вядуць справу да банкрутства нашых НПЗ, каб потым таньней іх купіць. Прычым рэй вядзе Крэмль, які наважыўся змусіць Лукашэнку да патрэбных расейскаму кіраўніцтву рашэньняў. Са слоў эканаміста, тут інтарэсы алігархаў і Крамля супадаюць.

Вось вам і "дачыненьні гаспадарчых суб'ектаў"! Мухі з катлетамі ўсё адно ў адной талерцы. І той, хто разважае, што ў стасунках зь Беларусьсю Масквою рухае нібыта чыстая любоў да рынку, мякка кажучы, ідэалізуе сытуацыю.

Дарэчы, сёньня расейскі прэм'ер Фрадкоў прылятае ў Менск, відавочна, ня толькі дзеля рытуальнага паседжаньня саўміну саюзнай дзяржавы. Значна болей сур'ёзнай можа быць размова з Лукашэнкам, пра імавернасьць якой паведамляюць маскоўскія мэдыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?