Вострая інтэрнэт-дыскусія пра байкот і выбары адбываецца на тле поўнае абыякавасці да гэтае тэмы ў шырокім грамадстве. Тым часам аналітыкі спрачаюцца пра мабілізацыйныя магчымасці сеціва, якое часцяком стварае ілюзію бурнага жыцця ў той час, калі насамрэч не адбываецца нічога.

Адныя кажуць, што рэвалюцыю ў Егіпце інспіраваў фэйсбук, іншыя — што ўсё ж такі прыспелі абставіны. Мяркуючы з настрояў беларускае публікі, абставіны не прыспелі. 6 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту ходзяць у сеціва па рэцэпты ёгі, па фільмы і каб заплаціць камуналку. Гэта зусім не той інтэрнэт, пра які падумалі палітыкі.

ШТО ЯНЫ РОБЯЦЬ

Аднак што трэба для байкоту? Высокі ўзровень незадаволенасці ў грамадстве і хай сабе невялікі, але аўтарытэт апазіцыі.
Зрэшты, другога можа і не быць зусім. Тады першае само народзіць зь сябе нейкую сэнсоўную альтэрнатыву. Але ці гэтае першае ёсць?

Інтэрнэт-агітатары за байкот добра разумеюць, што няма, але ўпарта вераць, што не сёньня, дык заўтра будзе. Абваліцца эканоміка, і народ масава не пойдзе на выбарчыя ўчасткі.

У 1996 годзе, выступаючы яшчэ ў Беларусі, Зянон Пазняк заявіў: «Гэтай восенню яго ня будзе». З тых часоў усё, што ні адбывалася ў краіне, у тым ліку і ў апазіцыі, адбывалася паводле яго сцэнароў. Ён такі ўвёў апазыцыю ў штучную кому і адправіў яе ў адну з клінік Еўразвязу. Сёння нейкі кантакт з пацыентам можна падтрымліваць толькі праз інтэрнэт.

Заклік да байкоту цалкам упісваецца ў гэтыя самыя сцэнары, бо вядзе да паглыблення комы і ўнутраных расстройстваў, да поўнае страты сувязі з рэальнасцю. Гэта шлях у нябыт.
Бо эканоміка не абвальваецца, а калі і абваліцца, хто там у народзе прызнае гэтых лідараў за такіх?

Нешта нядобрае ва ўсім гэтым адчула КХП, самая лідарская партыя, і, працягваючы паўтараць «Толькі байкот!», прапанавала Зянону Пазняку балатавацца на выбарах прэзідэнта — на свабодных выбарах: «Толькі Зянон!».

Ясна, што свабодныя выбары з неба не ўпадуць у краіне, дзе выбараў няма, дзе яму па вялікім рахунку даўно пляваць на яўку-няяўку, выбары-нявыбары, назіральнікаў-парушальнікаў. Бо вынікі выбараў піша нават не ЦВК, а ён сам. Людзі гэта адчуваюць, таму да тэмы выбараў і байкоту ня ставяцца ніяк. Няма сэнсу ставіцца. Палітыка ў Беларусі даўно стала прыроднай з'явай, а чалавеку маланкі не спыніць, дык што я буду думаць пра гэта?

Сэнс гэта можа мець для апазіцыі, для запісанага ў «агенты КДБ» Статкевіча, які ўпарта змагаецца са штучнай комай і нават з турмы спрабуе хоць бы паварушыць пальцам. «Ідзем на выбары!». Па-партыйнаму ён робіць слушна, бо партыя і ствараецца для выбараў, інакш гэта проста гурток альбо шырокі народны рух. Але ў краіне, дзе гаспадараць прыродныя з'явы, такія тонкасці, як партыя, таксама не маюць ніякага значэння. Для краіны.

ЧАГО ЯНЫ НЯ РОБЯЦЬ

Тут у мой тэкст паспяшалася ўскочыць няўседнае слова «рух». Ня маю ні найменшага сумневу, што толькі нацыянальная палітыка можа быць паспяховай альтэрнатывай цяперашняму постсавецкаму застою. Інакш за 20 гадоў абавязкова паказалася б, хоць мільганула, нешта іншае. Не мільганула. Толькі павылазілі яшчэ больш рэтраградныя «западноруссизмы», як той казаў, «из туалетища».

Але нацыянальная палітыка, якая прывяла да абвяшчэньня незалежнасці Беларусі, вырасла з непалітычных аб’яднаньняў і на іх базавалася датуль, пакуль сувязь гэтая не абарвалася і стала магчымым з'яўленьне першага прэзідэнта з яго мадэллю «ідэальнага калгаса» для ўсёй краіны.

Увогуле сіла і жывучасць нацыянальнае палітыкі ў тым, што яна стаіць не на палітычных, а на этычных і эстэтычных утварэннях. І ў часы, калі ў краіне запаноўваюць прыродныя з'явы, яна сыходзіць у культуру і асвету. Яна збірае людзей на Купалле і проста спявае песні, яна выдае кнігі і газеты (калі можна, легальна), яна культывуе месцы нацыянальнае памяці, яна проста вандруе па Беларусі і прасякаецца яе духам, яна стварае (калі можна, легальна) школы для дарослых і дзяцей. Усё разам гэта — этычны рух, які навучаецца ведаць і любіць Бацькаўшчыну, імкнецца да масавасці і гадуе ў сабе сваіх лідараў. Прыходзіць час, і рух гэты робіцца палітычным. У яго ёсць людскія рэсурсы і выразная праграма. Гэта схема 1980-х гадоў. Некаторыя лічаць, што сённяшні час больш падобны да 1970-х. Напэўна, так і ёсць. Мяркую з таго, напрыклад, што яшчэ не саспела на масавым узроўні патрэба дамагацца беларускае школы.

Для ілюстрацыі працытую допіс на сайт "Свабоды" Надзеі Салаўёвай з Магілёва:

«КРЫК ДУШЫ!!!!! Мяне здзіўляе і засмучвае той факт, што ў Магілёве даволі вялікім горадзе (каля 370 000 насельніцтва) не знаходзіцца ахвотных бацькоў паўнавартасна адукаваць і развіваць сваіх дзяцей у бел. класе, дзе зараз ужо 2 гады навучаецца адна нашая дачка. Усе перавагі (індывідуальны падыход, натуральны білінгвізм, больш шырокае кола атрыманых ведаў і навыкаў і г. д.) відавочныя. Пры гэтым, што інфармацыя пра адзіны бел. клас „гуляе“ ў СМІ і „па сарафанным радыё“ (мясцовы аддзел адукацыі не спрыяе, каб набраць дзетак у гэты клас). НАВАТ У ГОРКАХ 5 ВУЧНЯЎ, А Ў АСІПОВІЧАХ ІДУЦЬ НЯСПЫННА Ў БЕЛ. ГІМНАЗІЮ. У МАГІЛЁВЕ 2 ГАДЫ І ПРЫРОСТ ДЗЯЦЕЙ — 0. Якія гэтаму можна даць тлумачэнні???????????».

ШТО ЯНЫ МАГЛІ Б РАБІЦЬ

Сёння ў краіне ёсць сотні, калі ня тысячы агмянёў нацыянальнага руху. Яны выхоўваюць дзяцей, пішуць і перакладаюць кнігі, беларусізуюць інтэрнэт, ствараюць аб’яднанні самых розных профіляў. Яны арыентаваныя на пашырэнне і на якасць сваіх праграм. Яны даспяваюць, каб узяцца за школу — і гэта будзе першы паказнік іх выхаду ў палітыку. Ім моцна шкодзіць ярмо «апазіцыі», «пятай калоны» і «ворагаў народа», бо яны ў кожным разе арыентаваныя на станоўчае, на сцверджанне, прырода іх такая. Яны цудоўна разумеюць, што ніякіх выбараў у краіне няма, яны гэтым і не пераймаюцца. І каматозная прапанова «тактыкі актыўнага байкоту», як і «тактыкі актыўнага ўдзелу» іх не абыходзіць, хіба што дэзарыентуе.

Тое самае, дарэчы, тычыцца і незалежных прафсаюзаў. Нарадзіцца і стаць сілай яны могуць толькі як свае сярод сваіх, на ўнутранай праблематыцы сваіх калектываў. Выхад у палітыку сёння для іх — канец. Уявіце сабе, як рабочыя мікашэвіцкага «Граніту» замест адстойвання правоў сваіх звольненых таварышаў пачынаюць агітаваць за актыўны байкот выбараў. Я ведаю толькі аднаго чалавека ў Беларусі, каму гэта па-сапраўднаму выгадна.

У нас ёсць досвед 1991 года, калі нацыянальны рух і незалежныя прафсаюзы аб’ядналіся і разам стварылі адзіны фронт і нашу пазітыўную гісторыю.
Можна глядзець на гэта як на выпадковасць, а можна як на заканамернасць, як на беларускую спецыфіку самаарганізацыі і дасягнення поспеху. Прычым, абвал эканомікі тут не першачарговая ўмова. Таму і чакаць гэтага «з мора пагоды» ня мае ніякага сэнсу.

Чакаць — па сутнасці сваёй занятак гнятлівы. Я не ведаю, ці будзе «ён гэтай восенню», ці «яго не будзе». Нашмат больш станоўчая справа — ствараць такія перадумовы ў грамадстве, каб яго не магло быць у прынцыпе. Тут (з ім ці без яго) дзялоў на цэлае жыццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?