Былы прэзідэнт Венгрыі Ласла Шаём на мосце паміж Камарна і Камарамам. Ён не змог трапіць у Славакію на адкрыццё помніка святому Стэфану.

Былы прэзідэнт Венгрыі Ласла Шаём на мосце паміж Камарна і Камарамам. Ён не змог трапіць у Славакію на адкрыццё помніка святому Стэфану.

Палітычны талент Белы Бугара адзначаюць нават яго апаненты.

Палітычны талент Белы Бугара адзначаюць нават яго апаненты.

Помнік Кірылу і Мятоду ў Камарне.

Помнік Кірылу і Мятоду ў Камарне.

Фразу, вынесеную ў загаловак, часта любяць паўтараць славакі, калі гаворка заходзіць пра іх узаемадачыненні з венграмі. Па-беларуску гэта значыць: «Што было, тое было». Гэта значыць, мінула. Дарэчы, прамаўляюцца гэтыя словы з венгерскім акцэнтам, з цвёрдым «ч».

Аўтарам крылатага выразу быў палітык Бела Бугар. Ён нарадзіўся ў Браціславе ў сям’і венгерскага паходжання. У часы сацыялізму працаваў інжынерам у машынабудаўнічай прамысловасці. У 1991 ён далучыўся да Венгерскага хрысціянска-дэмакратычнага руху. А ў 1998 стаў адным з ініцыятараў стварэння Венгерскай кааліцыі — партыі, што спрычынілася да сыходу паўаўтарытарнага кіраўніка Славакіі Уладзіміра Мечыяра.

Пару гадоў назад Бугар заснаваў новую партыю «Мост», у якую ўваходзяць не толькі венгры, але і славакі. Гэта першы падобны досвед. На парламенцкіх выбарах сёлета «Мост» набраў 7% галасоў, тады як Венгерская кааліцыя ўпершыню не прайшла ў Народную раду.

Бугар папулярны не толькі сярод венграў, але і славакаў. Нават ягоныя апаненты аддаюць належнае ягоным здольнасцям. Адзін з лідараў маладых славацкіх нацыяналістаў Павел Прывалінец кажа: «Бугар — ідэальны палітык, калі б не адно «але»: ён венгр». Гэта як у Сярэднявеччы ў Еўропе захапляліся султанам Егіпта і Сірыі Саладзінам, але адзінай яго хібай называлі тое, што ён не хрысціянін.

Кошут і мадзьярызацыя

«Венгры вымушаныя размаўляць па-нямецку, не маючы магчымасці выкарыстоўваць сваю мову. Думка пра тое, што іх суседзі — славакі, сербы ці харваты — будуць размаўляць на роднай мове, а яны — не, прыводзіла іх у шаленства. Вядомы вугорскі патрыёт, Лаяш Кошут, дэманстраваў у гэтым пытанні запал, які межаваў з вар’яцтвам, улічваючы, што ў ягоных венах не было ні кроплі венгерскай крыві, сам ён быў славакам»

, — пісала ў кнізе «Чорнае ягня і шэры сокал» англійская пісьменніца Рэбэка Уэст.

Родны дзядзька Лаяша Юрай Кошут быў славацкім нацыяналістам. Тады як сам Лаяш нават адмаўляў у існаванні славацкай нацыі. У 1830-я ў парламенце разгарэлася барацьба за венгерскую мову. Кошут выдаваў легальную, а потым забароненую газету, дзе друкаваў венгерскія прамовы дэпутатаў, якія ігнаравала афіцыйная прэса. Кошута за гэта нават асудзілі на 4 гады турмы. Але з вязніцы ён выйшаў нацыянальным героем.

У 1843 урад усё ж вымушаны быў пайсці на саступкі ў пытаннях венгерскай мовы. Асабліва абураліся гэтаму славакі і харваты. Яны ведалі, што такое рашэнне немінуча прывядзе да мадзьярызацыі меншых народаў.

Агрэсіўная асіміліцыя славакаў пачалася троху пазней, праз пару дзесяцігоддзяў. У пачатку ХХ ст. гэты працэс набыў татальны характар.

Войны за тэрыторыю

Вядома, што нацыянальная эліта і гарады Славакіі былі мадзьярызаваныя нашмат раней, але ўпершыню гэтыя працэсы прыйшлі ў вёску.

«Мой дзядуля з Паўночнай Славаччыны, але яго ў школе прымушалі вучыць венгерскую мову. Калі ты яе не ведаў, то настаўнікі цябе білі», — кажа Роберт, які дапамагаў нашай дэлегацыі з перакладам суразмоўцаў. Можна ўявіць наколькі цяжка славянам (славакам, харватам, русінам) давалася венгерская мова. Праз імгненне Роберт дадае, што другі дзядуля быў венграм, які пасля 1918 года раптоўна стаў пісацца славакам.

Па выніках палітыкі мадзьярызацыі каля траціны жыхароў Славакіі сталі лічыць сябе венграмі.

Распад Аўстра-Венгерскай Імперыі і падзел межаў не быў лёгкім. У аграрнай Славакіі не было дастаткова нацыянальных эліт, каб можна было разлічваць на будаўніцтва незалежнай дзяржавы. Таму быў абраны варыянт федэратыўнай краіны з больш моцнымі чэхамі.

Але нават гэты выбар даводзілася адстойваць з крывёй. У 1919 успыхнула венгерска-чэхаславацкая вайна. Пры дапамозе войскаў Антанты Чэхаславакія выйшла пераможцай. А Трыянонская дамова замацавала частку тэрыторыі, заселеную венграмі, за Чэхаславаччынай.

Тым не менш венгры не пакідалі надзеі вярнуць гэтыя землі. У 1938 войскі Міклаша Хорці напалі на Славаччыну ў той момант, калі немцы забралі Судэты. Да Венгрыі адышлі такія гарады, як Камарна і Кошыцэ. Праз год ад Славакіі адышла Падкарпацкая Русь, у значнай ступені заселеная русінамі.

Перад Славакіяй паўстаў выбар, ці абвяшчэнне марыянетачнай незалежнасці пад пратэктаратам нацысцкай Германіі, ці паглынанне Венгрыяй. Быў абраны першы варыянт. Па сканчэнні вайны межы Чэхаславакіі былі адноўленыя. Ваенных канфліктаў болей не было, але напружанасць засталася.

«Накаляюць палітыкі і журналісты»

Імпазантны мэр горада Каларава Арпад Хорват, які так зачараваў жаночую частку нашай групы, пераконвае, што ніякіх праблем паміж венграмі і славакамі не існуе. Ён абвінавачвае палітыкаў і журналістаў, што яны часам неабгрунтавана накаляюць гэтую тэму.

Горад называецца Каларава крыху больш за 60 гадоў. Да гэтага ён быў Гутай. Так звалі яго венгры і аўстрыйцы. Малады славацкі нацыяналізм пастанавіў пазбавіцца ад венгерскіх назваў. Цяпер горад носіць імя славацкага паэта і філосафа Яна Колара. Зрэшты, на ўездзе ў горад шыльды з абедзвюма назвамі.

«Усе славакі гавораць па-венгерску. Венгры разумеюць па-славацку», — малюе Хорват амаль ідэальную карціну. У горадзе 87% насельніцтва — венгры. Мэр кажа, што моладзь пароўну з’язджае як у Будапешт, так і ў Браціславу.

Кірыл з Мятодам і Стэфан

За 25 кіламетраў ад Каларава знаходзіцца Камарна — цэнтр венгерскай дыяспары ў Славакіі.

«Камарна — унікальны аб’ект. Мы пабудавалі тут сапраўдны помнік неталерантнасці. Агульнадаступны, бясплатны», — піша пра родны горад пісьменніца Даніэла Капітанава.

Яна нарадзілася ў Камарне ў сям’і славакаў, што прыехалі з Марціна і Зволена. Так званая «славацкая ін’екцыя» ў венгерскае асяроддзе, якая рабілася пасля Другой сусветнай.

Калі Капітанава кажа пра помнік неталерантнасці, то не мае на ўвазе нешта абстрактнае, а абсалютна канкрэтнае. Манумент святым Кірылу і Мятоду, які ўсталявала тут «Маціца Славацкая» (найстарэйшая культурна-асветніцкая арганізацыя, тыпу нашай «Бацькаўшчыны»). Хай груба, але такім чынам яны спрабавалі памеціць тэрыторыю, паказаць, што цяпер тут Славакія. Камарынскія ўлады не далі згоду на ўсталяванне помніка ў добрым месцы, дык спачатку яго паставілі проста на даху будынка «Маціцы».

«На жаль, напружанне паміж славакамі і венграмі мае значна глыбейшыя карані, чым маніпуляцыі палітыкаў», — мяркуе Капітанава.

Венгры, хай і праз некаторы час, але адказалі славакам. На жнівень 2009 было запланаванае адкрыццё ў Камарне помніка святому Стэфану, першаму венгерскаму каралю. На ўрачыстасці мусіў прыехаць венгерскі прэзідэнт Ласла Шаём, аднак славацкія ўлады забаранілі яму ўезд.

Шаём спыніўся на памежным мосце праз Дунай, што злучае славацкі Камарна з венгерскім Камарамам (некалі адзін горад, раздзелены межамі), сказаўшы, што не разумее забароны. Улагоджваць гэты канфлікт давялося Еўрасаюзу.

У Камарне звяртае ўвагу, што большасць надпісаў усё ж зроблена па-славацку. Назвы вуліц дублююцца. Напрыклад, «Hatarоr» і «Hranicna», то бок вуліца Пагранічная.

Нацыяналісты не прайшлі

«Нам важна, каб мы мелі свае школы, культуру, захавалі мову», — кажа Ласла Салімосі з партыі «Мост».

Дарэчы, ад Будапешта «Мост» не мае ніякай падтрымкі. «Могуць нават не падняць слухаўку, калі мы тэлефануем», — смяецца палітык.

Нацыяналісты просяць забараніць венгерскія партыі. Кажуць, што яны «міна запаволенага дзеяння». «Мы за забарону Венгерскай кааліцыі — яны парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць краіны, — кажа Павел Прывалінец. — Венгрыя мае вялікі апетыт».

Адыёзны венгерскі прэм’ер Віктар Орбан паабяцаў усім венграм за межамі краіны грамадзянства. Аднак у Славакіі гэтым вырашылі скарыстацца толькі адзінкі.

«Маладыя людзі ўжо не ведаюць, дзе межы», — кажуць нам у «Мосце».

Выглядае на тое, што сімптомы знікнення «венгерскай хваробы» назіраюцца. На апошніх выбарах найбольш радыкальныя партыі з абодвух бакоў (Славацкая нацыянальная партыя і Венгерская кааліцыя, якія набіралі працэнты на гэтым супрацьстаянні) у парламент не прайшлі ўвогуле.

Можа, сапраўды Бугар мае рацыю. Час будаваць новыя масты. Чо боло — боло.

***

Аўтар дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула грамадскай арганізацыі «Чалавек у нядолі», а таксама Міністэрству замежных справаў Славакіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?