Каля 18:00 31 мая ў Мінску быў затрыманы акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільня), прафесар Еўрапейскага універсітэта ў Санкт-Пецярбургу Аляксей Пікулік. Яму інкрымінуюць дробнае хуліганства.
Аб акалічнасцях затрымання Пікуліка пакуль нічога не вядома. Па звестках адваката, з Цэнтральнага РУУС яго адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
Інфармацыю аб тым, што затрыманы знаходзіцца менавіта там, пацвердзіла і яго маці - ёй патэлефанавалі з ізалятара на хатні тэлефон і паведамілі, што Аляксей знаходзіцца ў іх.
Хутчэй за ўсё, судовы разгляд адбудзецца 1 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна.
6 красавіку ў Пікуліка забралі пашпарт. У той дзень яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі прайсці ва УУС Цэнтральнага раёна для правядзення працэдуры апазнання. Акадэмічнага дырэктара BISS западозрылі тады ва ўдзеле ў бойцы і падробцы дакументаў. На падставе апошняга падазрэнні ў яго і забралі дакументы.