У кастрычніку 1918 г. да жыцьця быў пакліканы новы ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам, які адначасова спаўняў абавязкі міністра замежных спраў. У склад ураду ўвайшлі Аркадзь Смоліч, Аляксандар Цьвікевіч, Васіль Захарка, Лявон Заяц і Язэп Варонка. Апошні, аднак, у хуткім часе адмовіўся ад пасады беларускага міністра, заняўшы месца міністра беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы.

Пасьля заняцьця бальшавікамі Менску, Рада міністраў БНР пераяжджае ў Вільню, а адтуль у сярэдзіне сьнежня 1918 года — у Горадню, пры гэтым урад падзяліўся: А.Цьвікевіч і А.Смоліч, да якіх пазьней далучыўся В.Захарка, па справах грашовай пазыкі апынуліся ва Ўкраіне, тады як А.Луцкевіч і Л.Заяц засталіся ў Горадні. 1 лютага 1919 г. гарадзенскі склад ўраду пашырыўся за кошт Кузьмы Цярэшчанкі, які заняў пасаду міністра ўнутраных спраў. Аднак ужо 18 лютага Луцкевіч, у сувязі з ад’ездам у Вільню, склаў абавязкі старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў на карысьць А.Смоліча, а часовае кіраўніцтва ўрадам прыняў на сябе Л.Заяц.

Толькі на пачатак сакавіка 1919 г., калі Горадня апынулася амаль з усіх бакоў аточаная польскім войскам, адбываюцца падзеі, якія па сутнасьці пераўтварылі яе на некалькі тыдняў у неафіцыйную сталіцу БНР. Атрымаўшы ў сярэдзіне лютага 1919 г. ад украінскага ўраду дзяржаўную грашовую пазыку, А.Цьвікевіч, А.Смоліч і В.Захарка едуць у Бэрлін. Адтуль яны, падзяліўшы каштоўны груз, каб гэткім чынам зьбіць са сьледу палякаў, якія арганізавалі сапраўднае паляваньне на ўкраінскія грошы, паасобку дабіраліся да Горадні.

У горадзе тым часам рыхтаваліся да сустрэчы беларускіх дзеячоў. «...Хутка стучаць калёсы чыгункі, везучай пана А.Цьвікевіча ў Коўна, — пісала «Бацькаўшчына», — але яшчэ хутчэй калоцяцца сэрцы беларусаў, чакаючых пана А.Цьвікевіча і яго вестак...».

Адначасова Л.Заяц пасылае кур’ераў у Вільню да А.Луцкевіча. 10 сакавіка той тэрмінова вяртаецца ў Горадню, дзе зноў прыступае да спаўненьня сваіх паўнамоцтваў.

Праз чатыры дні, з Коўна прыяжджае А.Цьвікевіч. Ранкам 15 сакавіка 1919 г. адбылося, па сутнасьці першае ў Горадні, паседжаньне Рады БНР, на якім было вырашана выехаць усім кабінэтам у Бэрлін. Тады ж урад пастанавіў узяць усе выдаткі па пахаваньні гарадзенскага беларускага настаўніка А. Грыкоўскага на свой рахунак.

Ужо наступнага дня замест Нямеччыны было вырашана ехаць у Інстэрбург, адкуль А.Луцкевіч павінен быў накіравацца ў Бэрлін, а ўсе астатнія — на перамовы зь літоўскім урадам у Коўна. Адначасова плянавалася адчыніць Генэральнае консульства ў Варшаве, каб атрымаць фармальнае прызнаньне БНР з боку польскага ўраду. Было вырашана скарыстаць аўтарытэт і сувязі Рамана Скірмунта, які таксама знаходзіўся ў Горадні. Скірмунт быў прызначаны членам надзвычайнай замежнай дэлегацыі ўраду і атрымаў паўнамоцтвы весьці перамовы з урадам Польшчы аб прызначэньні ў Варшаву Генэральнага консула БНР.

На гэтым жа паседжаньні К.Цярэшчанка выступіў з дакладной запіскай аб арганізацыі на акупаванай палякамі і бальшавікамі тэрыторыі Беларусі камісарыятаў, якія б выконвалі ролю часовых адміністрацыйных органаў БНР. На чале губэрні прызначаўся камісар, два яго памочнікі і сакратар. Акрамя гэтага, плянавалася заснаваць губэрнскі беларускі камітэт з прадстаўнікоў паветаў, губэрнскіх беларускіх інстытутаў і ўсіх палітычных партыяў, якія стаялі на грунце беларускай дзяржаўнасьці. Прадстаўнікі паветаў зьяўляліся б негалоснымі камісарамі ўраду БНР. Камісарам ураду БНР на Гарадзенскую губэрню вырашана было прызначыць П.Алексюка. У сувязі з палітычнымі варункамі ў губэрні, П.Алексюку прадпісвалася весьці працу патаемна як ад акупантаў, так і ад мясцовых грамадзян. На пачатак працы камісарыяту было выдадзена 10 тысяч марак авансу.

Другім пасьля А.Цьвікевіча з Бэрліну ў Горадню прыехаў В.Захарка. Наступнага дня ў горад прыбывае амэрыканская місія, а зь імі і апошні зь сябраў украінскай дэлегацыі – Аркадзь Смоліч.

21 сакавіка беларускі ўрад збіраецца ў поўным складзе: А.Луцкевіч, А.Цьвікевіч, К.Цярэшчанка, Л.Заяц, В.Захарка і А.Смоліч. Галоўным пытаньнем паседжаньня была атрыманая ад украінскага ўрада пазыка ў 4 млн карбованцаў, зь якіх 100 900 рублёў былі атрыманыя гатоўкай і здадзеныя В.Захарку, а яшчэ 3 млн аўстрыйскіх кронаў — пераведзеныя ў Аўстра‑Вугорскі банк, а перавадны ліст быў аддадзены А.Цьвікевічу і пакладзены ў Вене на яго імя. Акрамя таго, 1,666 тысяч нямецкіх марак былі пераведзеныя ў Бэрлінэр Райхс‑Банк, а перавадны ліст здадзены ў Бэрліне В. Ластоўскаму. Усе грошы былі пакладзеныя на імя старшыні рады міністраў БНР А.Луцкевіча. Улічваючы фатальны фінансавы стан большасьці беларускіх міністраў, няма нічога дзіўнага ў тым, што ўрадаўцы першае, што зрабілі, гэта склалі «Выдатковую ведамасьць на пэнсію і сутачныя радзе Народных міністраў БНР...». Частка грошай з украінскай пазыкі заставалася ў Горадні да пачатку красавіка 1919 г.

У канцы сакавіка ў клюбе «Беларуская хатка» адбываецца ўрачысты вечар у гонар беларускага ўраду. Усе пакоі клюбу аказаліся запоўненымі. Першым выступіў Антон Луцкевіч. Тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён зьвярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь ня стане незалежнай.

У адказ яму шэраг беларускіх дзеячоў заявілі, што яны толькі гэта і рабілі і да гэтага імкнуцца. Пазьней слова ўзяў прадстаўнік ППС, папрасіўшы прабачэньня за тое, што ня ведае беларускай мовы. «Для мяне Беларусь, — сказаў лідэр гарадзенскіх ППС‑аўцаў, — гэта другая Радзіма, бо я тут нарадзіўся на сьвет». Ён паабяцаў, што польскія сацыялісты зробяць усё, каб Беларусь стала незалежнай дзяржавай, аднак дадаў: «Мы прывядзём Беларусь да незалежнага жыцьця як рэспубліку, братнюю для Польшчы», пасьля чаго Антон Борык падняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!» Шмат хто падтрымаў А.Борыка і, падняўшы чаркі ў бок паляка, выпілі іх. Гэта не спадабалася Я.Курлаву, К.Езавітаву і прадстаўніку яўрэйскай гміны, нейкаму яўрэйскаму прафэсару. Ужо трохі падпіўшы, прафэсар пайшоў выступаць. Ён заявіў, што Беларусь да гэтага часу ніколі не была незалежнай, таму беларусы зробяць вялікую справу, калі здолеюць дамагчыся ад іншых народаў прызнаньня ўласнай незалежнасьці. Словы прафэсара аспрэчыў Б.Квяцінскі, былы выкладчык беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. Б.Квяцінскі даводзіў, што Беларусь ня толькі была незалежнай, але нават клапацілася пра іншыя дзяржавы, такія, як Літва, і толькі саступіла ўплывам польскай культуры.

Нягледзячы на тое, што вячэра адбывалася ўсяго праз тыдзень пасьля сьмерці беларускага настаўніка А. Грыкоўскага, яна атрымалася вельмі аптымістычнай і абышлася амаль што ў пяць тысячаў ост‑рублёў. Цікава, што грошы на банкет у гонар ад’езду беларускага ўраду за мяжу, складалі толькі вядомыя беларускія дзеячы.

Украінская пазыка адчыняла перад беларускім прэм’ер‑міністрам дарогу на мірную канфэрэнцыю ў Парыж. 23 сакавіка А. Луцкевіч разам з А. Смолічам, А. Цьвікевічам і Л. Зайцам выяжджаюць з Горадні, трохі пазьней ад’ехаў К. Цярэшчанка. Апошнім з урадоўцаў у красавіку горад пакінуў В. Захарка.

Распачалася гісторыя ўраду БНР на выгнаньні.

Далейшы лёс «украінскіх грошай», пасьля таго як з Горадні ад’ехаў апошні зь міністраў ураду БНР, складваўся ня менш драматычна. Урадоўцы першапачаткова забралі з Горадні толькі частку з гатовых грошай. Хутчэй за ўсё, пэўная сума яшчэ вясной 1919 г. заставалася ў Паўла Алексюка як Гарадзенскага губэрнскага камісара БНР. Напярэдадні 24 красавіка П.Алексюку з Бэрліну прыйшла тэлеграма ад А.Луцкевіча: «bitte smolitsch zu nachrichtigen dasz ich warte berlin also man sall nachrichten nur kondratowitsch und zwei herren und sofort meine palto schicken» — А.Луцкевіч прасіў тэрмінова пераслаць яму праз Смоліча… паліто! Цяжка сабе ўявіць, каб у такі драматычны момант, калі вырашаўся лёс краіны, старшыня ўраду ў першаю чаргу клапаціўся б аб уласным адзеньні. Сапраўдны зьмест тэлеграмы становіцца зразумелым, калі замяніць слова «пальто» на «грошы»… Ужо ў канцы красавіка, пасьля таго як горад быў заняты польскім войскам, у Горадню прыехалі А.Смоліч і В.Ластоўскі з тым, каб вывезьці апошнюю частку з украінскага крэдыту...

Галоўная праблема, аднак, зь якой сутыкнуліся беларускія дзеячы, аказалася нават ня ў тым, каб атрымаць уласна пазыку ад украінскага ўраду, а ў тым, каб зьняць прадугледжаную дамовай суму з банкаўскіх рахункаў. Найбольш балючае расчараваньне чакала на А.Луцкевіча, калі ён прыехаў з Горадні ў Бэрлін, дзе раптам высьветлілася, што зьняць грошы з рахунку ў «Бэрлінэр Райхс‑Банк» немагчыма — літаральна напярэдадні на запатрабаваньне Савецкага ўраду нямецкі бок замарозіў усе ўкраінскія актывы. Замест таго каб адразу накіравацца ў Парыж, беларускі прэм’ер вымушаны быў яшчэ амаль месяц чакаць, пакуль удалося атрымаць грошы зь венскага банку, губляючы самае каштоўнае — час. Калі А.Луцкевіч нарэшце дабраўся на канфэрэнцыю, ягоная прысутнасьць там амаль страціла сэнс — на палітычнай мапе «новай» Эўропы месца для незалежнай Беларусі ўжо не засталося…

Але ўрадоўцы не гублялі надзеі зьмяніць сытуацыю на сваю карысьць. Большая палова з наяўнай гатоўкі пайшла на ўтрыманьне беларускай дэлегацыі ў Парыжы і Бэрліне, як і наагул на «раскручваньне» беларускага пытаньня на міжнароднай арэне — выдавецкую дзейнасьць, спробу фармаваньня беларускіх вайсковых частак з былых палонных, перамовы і раўты, дыпмісіі ці гэткія «экзатычныя» праекты, як пляны па набыцьці амэрыканскіх харчовых складоў — «стокаў», што засталіся па заканчэньні Сусьветнай вайны на тэрыторыі Францыі, з мэтай далейшай іх рэалізацыі на радзіме. Уласна на разьвіцьцё беларускага руху на Беларусі, якая, за выключэньнем усходняй часткі, да канца лета 1919 г. амаль уся апынулася пад польскай акупацыяй, пайшло менш за палову ўкраінскага крэдыту, улічваючы і тыя сумы, што яшчэ вясной 1919 г. былі перададзеныя з Горадні ў занятыя бальшавікамі Вільню і Менск.

У сярэдзіне 1919 г. беларускі бок робіць чарговую спробу атрымаць апошнюю частку з украінскага крэдыту. У якасьці кур’ера ўраду БНР у ліпені 1919 г. у Камянец‑Падольскі да міністра замежных справаў Украіны А.Лявіцкага выехала сакратарка Варшаўскага БНК Аўгіньня Аляксюк — сястра Паўла Алексюка. Яна мела заданьне ад А.Цьвікевіча завезьці і абмяняць нерэалізаваны ў Бэрлінскім Райхс‑банку пераказ на 1,5 млн карбованцаў з украінскай дзяржаўнай пазыкі ўраду БНР. З Варшавы А.Аляксюк дабралася да Луцку, адкуль, пераапрануўшыся сялянкай, — у Камянец‑Падольскі, дзе прэм’ер‑міністар УНР Б.Мартас выдаў ёй пасьведчаньне на грашовы пераказ у Венскі банк на 3 млн крон. 9 жніўня 1919 г. Аўгіньня Аляксюк вярнулася ў Варшаву. Дарэчы, за свой учынак рашэньнем Рады міністраў БНР яна атрымала 1,5 тыс. марак, а Беларускае Прэс‑Бюро зьмясьціла паведамленьне «Геройскі подзьвіг адной патрыёткі»… «Што да паперы, што вязе Аляксючанка, дык з гэтым ужо мы тут дамо неяк рады. Даручы гэта Дубейкоўскаму…» — пісаў да А.Цьвікевіча 9 жніўня невядомы адрасат, маючы на ўвазе той самы грашовы пераказ за подпісам украінскага прэм’ера. Аднак, зь незразумелых прычынаў і на гэты раз украінскія грошы застаюцца ў Бэрлінскім Райхс‑банку.

Тым часам у канцы жніўня 1919 г. А.Луцкевіч накіроўваецца на запрашэньне кіраўніка польскага ўраду І.Падарэўскага з Парыжу ў Варшаву, каб паспрабаваць атрымаць прызнаньне незалежнасьці Беларусі з боку Польшчы. У выніку, аднак, частка беларускіх дзеячоў на чале з В.Захаркам і П.Крэчэўскім выступалі супраць А.Луцкевіча, абвінавачваючы прэм’ера ў прапольскай арыентацыі. Асабісты канфлікт набывае вельмі хутка характар палітычнага расколу, у якім не апошнюю ролю адыграў і той факт, што гэта менавіта праціўнікі А.Луцкевіча зь ліку так званай «Бэрлінскай групы» мелі на руках большую частку з рэшты грошай. Калі 24 лістапада П.Крэчэўскі і В.Захарка выяжджаюць з Бэрліну праз Прагу ў Менск на чарговае паседжаньне Рады БНР, яны, «на ўсякае ўсё», пакідаюць у адным з праскіх банкаў 200 тысяч марак з урадавай касы. У выніку расколу, што адбыўся 13 сьнежня ў Менску, паўстаюць два беларускія ўрады — стары, на чале з А.Луцкевічам, і новы — урад Вацлава Ластоўскага. І хоць ужо праз тры дні — 16 сьнежня — Васіль Захарка склаў на рукі А.Луцкевіча «Балянс касы паўнамоцніка Ўрада БНР», уласна грошы засталіся нават не ў В.Ластоўскага, а ў таго ж В.Захаркі…

Гісторыя ўкраінскай пазыкі ўраду БНР на гэтым ня скончылася, бо заставалася ўвесь час яшчэ не рэалізаваная частка крэдыту ў Бэрлінскім Райхс‑банку. Зь вялікай доляй верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што беларускі ўрад — на гэты раз на чале з В.Ластоўскім — скарыстаўся з украінскіх грошай з дапамогай… Літвы. Паводле ўмоваў беларуска‑літоўскай дамовы, падпісанай у канцы 1920 г., літоўскі бок згаджаўся фінансаваць беларускі антыпольскі рух на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Пры гэтым ковенскі ўрад і сам пакутаваў на недахоп сродкаў. Сытуацыю выратавала Нямеччына, якая мела свой інтарэс у аслабленьні польскай дзяржавы і сталыя кантакты зь літоўскім урадам. У выніку, хутчэй за ўсё, украінскі крэдыт быў выдадзены з Бэрліну ў Коўна, адкуль ён пайшоў на фінансаваньне антыпольскай партызанкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?