Месцы, што пазначаны на мапах часам маленькімі кропкамі, становяцца адпраўнымі пунктамі, зь якіх бяруць пачаткі лёсы цэлых нацыяў. Менск на сумежжы ХІХ— ХХ ст. стаў гэткім пунктам нулявога адліку ў найноўшай гісторыі ўсёй Беларусі й ня толькі яе.

У Менску братамі Луцкевічамі была ўтворана першая нацыянальная партыя беларусаў — Беларуская сацыялістычная грамада. Тутсама дзейнічала іх партыйная друкарня, а ў 1906 г. тут адбыўся ІІ зьезд БСГ.

З пачаткам І Сусьветнай вайны адбудова беларускае дзяржаўнасьці не перапынялася. У 1917 г. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам. Адна зь першых публічных акцый камітэту — наладжаны 12 сакавіка 1917 г. дзень беларускага значка ў Мeнску. Як паведамлялі газэты, у гэты дзень на вуліцах гораду прадаваліся «значкі нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага зь белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінэматографах».

25 сакавіка 1918 г. у Менску была абвешчана незалежнасьць БНР. Ад таго дня і вядзе радавод гісторыя нашае сучаснае дзяржаўнасьці. Паводле цудоўнага наканаваньня тут, у сталіцы, ацалелі ўсе адрасы, тым ці іншым чынам зьвязаныя з ідэяй незалежнасьці Беларусі.

У былым гарадзкім тэатры — цяпер тэатар імя Янкі Купалы — пры канцы 1917 г. адбываліся пасяджэньні Ўсебеларускага зьезду.

Засталіся тыя самыя будынкі дэпо Лібава‑Роменскае чыгункі, куды пасьля разгону бальшавікамі ў 1917 г. перанесьлі сваю працу дэлегаты Ўсебеларускага зьезду. Яны месьцяцца паміж веткамі чыгункі, што кіруецца на Стоўпцы: паміж прыпынкамі «Інстытут культуры» й «Сталічны». Кожны, хто ехаў гэтым шляхам, мусіў бачыць з вокнаў вагонаў старасьвецкія цагляныя будынкі вытворчага прызначэньня ў стылі мадэрн.

У колішнім біскупскім палацы пры кляштары езуітаў — тады рэзыдэнцыі расейскіх губэрнатараў — у 1918 г. засядалі спачатку выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, а затым і Народны сакратарыят Беларусі. Тут была прынятая Першая ўстаўная грамата. Над гэтым домам лунаў бел‑чырвона‑ белы сьцяг, пакуль нямецкія акупацыйныя ўлады не адабралі будынак. Цяпер гэта памяшканьне музычнага ліцэю пры кансэрваторыі (плошча Свабоды, 7). Выбітны помнік беларускага барока быў зьнявечаны да непазнавальнасьці рэканструкцыяй канца 1960‑х.

Ацалеў у выдатным стане й той самы будынак на вуліцы Валадарскага, 9 (былая Серпухаўская, 9), дзе ў залі на трэцім паверсе а восьмай раніцы 25 сакавіка была ўхваленая Трэцяя ўстаўная грамата БНР. Ён быў арандаваны ў Сялянскага пазямельнага банку ад сярэдзіны сакавіка для Народнага сакратарыяту.

На супрацьлеглым баку вуліцы застаўся амаль у першапачатковым стане яшчэ адзін помнік беларушчыны. Гэта дом па адрасе Валадарскага, 6 (былая Серпухаўская, 12). Ён вельмі вылучаецца сярод пазьнейшае забудовы сваёй пекнай эклектычнай стылістыкай у духу нэабарока. Тутака ўжо ад 25 лютага 1918 году працавала Менскае беларускае прадстаўніцтва (Беларускае народнае прадстаўніцтва) на чале з Раманам Скірмунтам. Мэтаю гэтае арганізацыі было «прадстаўляць інтарэсы беларускага народу й быць нацыянальным цэнтрам» у Менску. Апрача Р.Скірмунта, у кіроўнае ядро арганізацыі ўвайшлі А.Уласаў (віцэ‑старшыня), П.Аляксюк (сябар прэзыдыюму), генэрал К.Кандратовіч, протаярэй С.Кульчыцкі, В.Гадлеўскі, В.Чавусаў, Р.Зямкевіч, Э.Русецкі.

Застаўся нязьмененым і будынак, дзе праходзіла праца Рады БНР ад ліпеня да жніўня 1918 г., а да бальшавіцкае акупацыі засядаў Народны сакратарыят. Гэта дом колішняга Царкоўна‑археалягічнага музэю, пабудаваны паводле праекту архітэктара І.Струева ў 1912 г. у псэўдарасейскім стылі. Ён уваходзіў у разьлеглы комплекс Архіярэйскага падворку са Сьвята‑Крыжовай царквою. Усе яго будынкі былі перабудаваныя да непазнавальнасьці ў адзіны Дом афіцэраў. Але будынак былога музэю стаіць і добра вядомы любому менчуку як «дом з шакалядкі»: колісь яго фота было на шакалядных абгортках. Выява гэтага, званага яшчэ Юбілейным домам, будынку была зьмешчана й на паштовых марках БНР.

Ацалеў і яшчэ адзін ня менш значны помнік — будынак колішняе друкарні Якава Грынблата на вуліцы Леніна, 13 (былой Губэрнатарскай, 32). Тут друкаваліся ўсе Ўстаўныя граматы й дакумэнты БНР. Цяпер цяжка меркаваць, як ён выглядаў у 1918 г., бо яго перабудоўвалі й рэканструявалі для розных патрэбаў шматкроць. Цяпер там месьцяцца службы Нацбанку.

Шмат было страчана й зьнішчана ў Менску за ХХ ст. Але тыя помнікі гісторыі, што засталіся, адным фактам свайго існаваньня яскрава сьведчаць — тут сталіца Беларусі. Тут і толькі тут, у сэрцы краю. Кропка на мапе, адкуль на ўвесь сьвет прагучаў заклік беларусаў да Волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?