У будынку былога Ліцэя прайшоў чарговы цынічны палітычны працэс.

Да абеду з Акрэсціна даставілі ў суд акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксея Пікуліка. Злева — клетка, але Пікулік сядзіць не ў клетцы, а на лаве.

Судзіць Пікуліка суддзя Якунчыхін — чарнявы, лысеючы мужчына гадоў 35-ці, з зямлістым тварам і стомленымі, нявыспанымі вачыма. Сакратаркай у судзе высокая прыгожая дзяўчына ў чорных ласінах.
У судзе дапыталі міліцыянтаў-сведкаў. Са словаў Пікуліка, ён выйшаў з дома, дзе жыве, і падышоў да сваёй машыны, што была прыпаркавана непадалёк ад італьянскага пасольства. Яго затрымалі дзве асобы ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку.
Сведкамі выступаюць Аляксей Гарошка і Аляксей Карповіч, якія служаць у Палку міліцыі спецыяльнага прызначэння.
Яны заявілі, што яны праходзілі праз двор дома па адрасе Няміга, 6, у якім жыве Аляксей Пікулік, і пабачылі, як ён стаяў у двары інецэнзурна лаяўся. Яны, маўляў, да яго падышлі, ён нібыта стаў іх абражаць. Яны склалі пратакол пра правапарушэнне.
У якасці сведкі выступіла мама Аляксея Пікуліка, якая адзначыла супярэчнасці ў паказаннях міліцыянтаў.

У судзе абвешчаны перапынак.

На працэсе прысутнічаюць калегі Аляксея, некалькі журналістаў, а таксама мама і тата Пікуліка. Аляксей трымаецца бадзёра і з гонарам.

  • * *

Паседжанне аднавілася каля 17.20.

Суддзя нудным голасам, з інтанацыямі як у тэлесудах, зачытвае пратаколы і выпіску з рэгістра адміністратыўных парушэнняў. Гэта ўжо сёмы пратакол на Пікуліка за гэты год (папярэднія былі складзеныя ДАІ за перавышэнне хуткасці руху). Ён у нас стаў прафесарам-рэцыдывістам.

Адвакат хадайнічае прасіць аб паказаннях камер назірання італьянскага пасольства, каля якога адбывалася затрыманне Пікуліка і далучыць інфармацыю пра адукацыю, доктарскую ступень і працоўныя рэгаліі Пікуліка.

Суддзя адхіляе гэтыя хадайніцтвы.

Пікулік называе суд сумессю Кафкі і «Алісы ў краіне цудаў». Просіць апраўдаць яго або даць штраф, «бо Пуцін ужо выехаў».

Кажа, што не мог размахваць рукамі, бо нёс дзве цяжкія сумкі.

«Вы кажаце, што не размахвалі рукамі, а самі пры гэтым жэстыкулюеце», — з непаўторнай інтанацыяй ціха заўважае суддзя.

«Гэта таму, што я чатыры з паловай года правучыўся ў Італіі», — адказвае Пікулік.

Адвакатка без асаблівай надзеі нагадвае аб прэзумпцыі невінаватасці, просіць запрасіць сведкаў-грамадзянаў, а не міліцыянтаў, якія б бачылі, як Пікулік «лаяўся матам і размахваў рукамі», як сцвярджаюць міліцыянты.

Яшчэ адзін перапынак — для вынясення рашэння.

* * *

Суд палічыў віну даказанай. Прысуд — арышт на 5 сутак. Слёзы на вачах мамы Аляксея. Аляксея павялі ўніз, у сіні бобік.

З сабой яму дазволілі ўзяць цёплыя рэчы.

У Беларусі за лаянку садзілі апазіцыйных палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў. Упершыню на суткі адправілі палітолага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?