Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) падазрае шэраг імпарцёраў беларускага дызельнага паліва ў махінацыях з ПДВ. Як стала вядома польскай дзелавой газеце Puls Biznesu, АУБ ужо некалькі месяцаў сочыць за працэсам імпарту дызпаліва ў Польшчу, у тым ліку цераз Літву і Латвію, з нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку.

Апрача таго, агенцтва правярае, ці ўчыняюць фірмы, якія гандлююць палівам, што паступае з гэтых краін, махінацыі з ПДВ.

Паводле ацэнак паліўных канцэрнаў, гэтыя махінацыі могуць наносіць польскай казне ўрон больш як на 200 млн. долараў ЗША штогод.

Першыя сур’ёзныя сігналы аб магчымых махінацыях з ПДВ з боку фірм, што гандлююць беларускім палівам, пачалі паступаць у АУБ у канцы 2011 года, паведамляе польскае выданне.

«З інфармацыі вынікала, што частка фірм з прыгранічных тэрыторый, якія шмат гадоў займаліся легальным продажам дызельнага паліва, пачалі дэманстраваць усё больш дрэнныя паказчыкі, а некаторыя наогул былі ліквідаваны», — паведаміў газеце знаёмы са справай афіцэр АУБ.

Іх месцы пачалі займаць фірмы, з якімі большасць кампаній ніколі не працавалі ў гэтай сферы. Гэтыя фірмы прапаноўвалі толькі дастаўку дызпаліва канчатковаму кліенту, без магчымасці куплі непасрэдна на складзе. Але больш за ўсё падазрэнняў выклікала занадта нізкая цана на паліва.

Фірмы, што прапаноўваюць занадта нізкую цану, зарабляюць на тым, што не плацяць ПДВ, мяркуе суразмоўца з АУБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?