Тэлеканал «Беларусь 2» пакажа ўсе матчы чэмпіянату Еўропы па футболу, які стартуе 8 чэрвеня на стадыёнах Польшчы і Украіны. Амаль усе паядынкі Еўра-2012 будуць транслявацца ў жывым эфіры,
паведамілі ў Галоўнай рэдакцыі спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі.

Футбольны тэлемарафон 8 чэрвеня адкрые Уладзімір Навіцкі, які дапаможа аматарам футболу сачыць за матчам адкрыцця Еўра-2012 — Польшча — Грэцыя (пачатак у 18.30). У гэты ж дзень у эфір выйдзе рэпартаж аб матчы зборных Расіі і Чэхіі (21.35).

У прамым эфіры будуць транслявацца ўсе гульні аж да апошняга тура групавога этапа. У заключны гульнявы дзень гульні ва ўсіх квартэтах будуць пачынацца адначасова, і таму паказаць іх адразу немагчыма — некаторыя матчы будуць паказаны ў запісе.

Сярод каментатараў акрамя Уладзіміра Навіцкага будуць Аляксандр Цвячкоўскі, Павел Баранаў, Аляксандр Дзмітрыеў і Сяргей Новікаў.

Акрамя ўласна матчаў у дні 16-га па ліку кантынентальнага першынства ў эфір будзе выходзіць праграма «Час футбола. Еўра-2012» з аглядамі гульняў і каментарыямі вядомых беларускіх спартсменаў і трэнераў.

Склады папярэдніх груп еўрапейскага чэмпіянату-2012:

А — Польшча, Расія, Грэцыя, Чэхія;

В — Галандыя, Партугалія, Германія, Данія;

С — Іспанія, Харватыя, Італія, Ірландыя;

D — Англія, Францыя, Швецыя, Украіна.

Па выніках групавога этапа ў чвэрцьфінал выйдуць па дзве лепшыя дружыны з кожнага квартэта. Чвэрцьфіналы пройдуць 21–24 чэрвеня, паўфінальныя матчы адбудуцца 27 і 28 чэрвеня, а вырашальны паядынак за Кубак Еўропы пройдзе 1 ліпеня ў Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?