Пакроўскі жаночы манастыр у Талачыне да нядаўняга часу быў звязаны з адной вядомай асобай — Напалеонам Банапартам. Падчас адступлення французскі імператар начаваў тут, за што «аддзякаваў» — абрабаваў дарэшты святую абіцель (тады гэта быў каталіцкі манастыр базылянаў).

Аднак цяпер талачынцы ахвотна распавядаюць пра іншую славутасць — у манастырскі храм уставіў вокны сам кавалер ордэна Скарыны Філіп Кіркораў! Бо царква развальваецца на вачах — і матушка актыўна шукае сродкі, каб яе ўратаваць.

Мясцовы жыхар: «Дапамогі дзяржавы яна не дачакалася — ні праз аблвыканкам, ні праз Міністэрства культуры.

І тады яна па сваіх каналах (у яе добры кантакт з рознымі маскоўскімі дзеячамі культуры і мастацтва) папрасіла па-сяброўску дапамагчы — і першым адгукнуўся Кіркораў».

Матушка Анфіса служыць у Талачыне ўжо год, а да гэтага 23 гады служыла ў Расіі. Кажа, што на Кіркорава выйшла праз знаёмага святара — але ўсё гэта па волі Маці Божай.

«Нам вокны паставіў Філіп Кіркораў. Мы кланяемся яму, яго незвычайна добраму сэрцу. Гэта вялізная сума, бо ў нас вокны 3,70 на 1,54 метры. Такіх 10, яшчэ 10 вокнаў троху меншыя, плюс яшчэ меншыя — агулам 27. Паводле правілаў для помнікаў архітэктуры, абавязкова трэба ставіць вокны з дрэва. І ён заказаў і аплаціў нам шклопакеты з лісцвеніцы

Зразумела, пытацца пра суму дабрачыннасці ў матушкі не выпадае. У фірме, дзе рабілі вокны, мы цікавімся, колькі будзе каштаваць самая вялікае. Адказ — 960 еўра плюс 10% мантаж. Калі падлічыць, то за ўсе вокны атрымаецца каля 28 тысяч долараў!

«Матушка суму не называе, трымае ў сакрэце. Але сума не маленькая — па прыкідках тысяч 30 долараў мінімум, бо яна замовіла вельмі прыгожыя вокны», — дае сваё версію мясцовы жыхар.

Матушка кажа, што яны вельмі ўдзячныя спеваку, аднак яго ахвяраванне адначасова нарабіла і праблем…

Матушка Анфіса: «Я толькі прашу вельмі сціпла казаць пра тое, што ён нам дапамог — што гэта разавая дапамога, ён не спонсар наш. Бо гэта нам дужа перашкодзіла. Філіп нават на сваім сайце быў размясціў вельмі добрыя словы, каб дапамаглі людзі. І

нават аднойчы са сцэны сказаў пра гэта — што ёсць такая цудоўная абіцель, дзе манашкі моляцца пры лампадках.
Што тут вельмі холадна, што абіцель і храм патрабуе аднаўлення — бо ў нас у храме было плюс 4 градусы…»

Пасля таго, як Філіп змясціў абвестку на сваім сайце, матушку Анфісу атакавалі яго фанаты.

Матушка Анфіса: «Пайшоў такі рэзананс… Я нават патэлефанавала яму і кажу: Філіп, давайце будзем прыбіраць з вашага сайта гэтую аб’яву. Бо тэлефон, па якім мы вось цяпер з вамі размаўляем не замаўкаў у нас у корпусе. Адныя яго лаялі бязмерна, іншыя яго хвалілі бязмерна. Людзей больш цікавіў Філіп, чым сама абіцель — што было самае балючае.

Людзі сталі казаць: во, які ў іх дабрадзей! Навошта ім яшчэ дапамагаць! Дапамог толькі адзін чалавек — з Брэста веруючы чалавек выслаў 100 тысяч рублёў».

Пытаюся ў матушкі, ці сустракалася яна з Кіркоравым, калі той быў нядаўна з канцэртам у Мінску.

«Я падзякавала яму. Не сустракалася з ім, але па тэлефоне яму падзякавала».

Сама матушка Анфіса даволі сціпла адказвае, ці падабаецца ёй творчасць славутага мецэната.

Матушка Анфіса: «Я не бываю на канцэртах, таму не магу сказаць — падабаецца ці не… Але тыя песні, якія я чула, многія з іх — так, безумоўна

Што да самога Кіркорава, то ён пра сваю дабрачыннасць расказваць не хоча.

«Вы ведаеце, Філіп не каментуе сваю дзейнасць, звязаную з дабрачыннасцю, пра гэта не распавядае», — адказвае прэс-сакратар спевака Вольга Аляксеева.

Матушка Анфіса амаль паўгадзіны распавядала нам пра гісторыю іх цудоўнага храма — што закладзены ён ажно ў 1604 годзе, што пад ім б’юць дзве крыніцы, што яго захаванасць проста ўнікальная. Запрашала ўсіх у Талачын і прасіла, хто мае магчымасць, далучыцца да Кіркорава — і дапамагчы ўратаваць гэты цудоўны храм

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?