У Камітэце дзяржбяспекі Беларусі абвяргаюць інфармацыю аб тым, што спецслужбы адсочваюць паездкі на адпачынак за мяжу ўсіх кіраўнікоў сярэдняга і вышэйшага звяна дзяржустаноў.

Такая інфармацыя была распаўсюджана некаторымі інтэрнэт-рэсурсамі 4 чэрвеня. Са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамлялася: «Камітэт дзяржаўнай бяспекі абавязаў спецыяльныя аддзелы і аддзелы кадраў усіх дзяржаўных устаноў, міністэрстваў і органаў улады адсочваць паездкі на адпачынак за мяжу ўсіх кіраўнікоў сярэдняга і вышэйшага звяна». Нібыта ўсе, хто збіраецца на адпачынак у Турцыю, Егіпет ці нават Украіну, павінны напісаць заяву на імя свайго начальніка з просьбай дазволіць ім выезд за мяжу.

«Той жа, хто ўжо з’ездзіў на адпачынак, піша другую заяву, у якой паведамляе, што ніхто яго не вербаваў, што сам адпускнік не раскрыў нікому сакрэтныя звесткі пра Беларусь і не ганьбаваў родную краіну. Кантроль за напісаннем гэтых заяў праводзяць непасрэдна супрацоўнікі КДБ, якія прымацаваныя да тых ці іншых устаноў», — паведамілі інтэрнэт-рэсурсы.

Каментуючы гэтыя звесткі, начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч заявіў: «Вы разумееце, калі паведамляецца, што КДБ кагосьці абавязаў, гэта прадугледжвае нейкі нарматыўна-прававы акт.

Але такога на сённяшні дзень, наколькі я ведаю, няма. Мяркуючы па ўсім, такая інфармацыя вырвана з кантэксту і інтэрпрэтавана некалькі разоў у негатыўным плане.
Хутчэй за ўсё, гэта інфармацыя заснавана на заканадаўчых ініцыятывах, што датычацца павышэння эфектыўнасці контрразведвальнай абароны насельніцтва, якія ўжо абмяркоўваліся».

«Хутчэй за ўсё, такія меры (рэкамендацыі, што датычацца паводзін за мяжой. — БелаПАН.) будуць закранаць некаторых кіраўнікоў пэўнага звяна для таго, каб у той ці іншай меры абараніць гэтых людзей ад супрацьпраўных замахаў, ад правакацый і іншых негатыўных аспектаў, з якімі яны могуць сутыкнуцца за межамі краіны», — адзначыў Антановіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў: падобныя заканадаўчыя ініцыятывы па контрразведвальнай абароне насельніцтва «мала таго што існуюць у большасці еўрапейскіх краін, у некаторых дзяржавах на сённяшні дзень ужо прынятыя».

«Праблем для кіраўнікоў у сувязі з магчымым прыняццем заканадаўчых ініцыятыў не будзе», — запэўніў Антановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?