Маршрут «Мінск — Гомель». Чысценькі вагон.
Папутчык мой — дзяцюк брытагаловы.
Пад колаў стук і шклянак перазвон
Вядзём размову аб значэнні слова.

— Падумаць толькі! — кажа мой сусед, —
Раней «блакітны» азначала колер…
І слова «трахнуць» слоўнік падаé
Ў значэнні ‘ўдарыць’, ‘стукнуць’ і не болей…

Згаджаюся. Гаворым з ім пра ўплыў
Варожых СМІ з падменаю паняццяў,
Што слова «сядзьце» набыло блатны
Акцэнт. І трэ казаць: «прысядзьце».

Далей размова збочыла на быт
(Пра грошы, працу, дзе правесці лета),
Набыўшы лінгвістычны каларыт
Пасля заключнай рэплікі суседа:

— Зарплата зараз — проста любатá,
За бацькам я жыву цяпер багата!
— Ты ведаеш, а я не сірата,
І бацькам называю толькі тáту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0