Міністэрства спорту і турызму не плануе развіваць сэкс-турызм 27
Мінспорту выступіла «з удакладненнем».
Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар міністэрства Уладзімір Несцяровіч, каментуючы інфармацыю ў інтэрнэце аб тым, што намеснік міністра Чэслаў Шульга выступіў за развіццё гэтага віду турызму ў краіне.
«Я абсалютна ўпэўнены, што сэкс-турызм не той від турызму, які павінна развіваць і прапагандаваць Беларусь. Я б не хацеў, каб наша краіна асацыявалася з нейкімі сэкс-турамі. У нас ёсць помнікі гістарычнай, культурнай спадчыны, аздараўленчы, сельскі, агра- і экатурызм — увогуле шмат варыяцый добрага адпачынку», — сказаў Несцяровіч.
Каментуючы паведамленні шэрагу інтэрнэт-СМІ пра тое, што Шульга ў інтэрв’ю каналу «РТР-Беларусь» «прапанаваў зацікаўленым прыязджаць у Беларусь па сэкс-паслугі», прэс-сакратар сказаў: «Мяркую, гэта было сказана ў пэўным кантэксце. Хутчэй за ўсё, Чэслаў Казіміравіч спрабаваў ператварыць гэта ў нейкі жарт або падыграць журналістам».
Варта зазначыць, што ў арыгінальнай версіі інтэрв’ю Шульгі, размешчанага на афіцыйным сайце тэлекампаніі «СТВ»,
чыноўнік не заклікае развіваць сэкс-турызм у Беларусі, а толькі разважае на тэму прысутнасці такога кшталту турызму ў іншых краінах.