Гэта падавалася фантастыкай чвэрць стагоддзя таму. У Полацку будуць адноўленыя Пакроўская царква ды сабор Узвышэння Святога Крыжа, ад якіх ляжалі толькі гурбы друзу? Запрацуюць уніяцкі манастыр і стараверская святыня? Але Полацк вярнуўся з легенды, дзякуючы дзейнасці такіх асоб, як Уладзімір Арлоў, Лера Сом, Вінцэсь Мудроў, Алесь Аркуш, Сяржук Цімохаў, што яшчэ ў 1980-я здолелі ўдыхнуць жыццё ў вобразы здавёншчыны. Іх мары і словы сёння супалі з амбіцыямі ўладаў Полацка і Віцебшчыны. Праўда, амаль ніхто з тых адраджэнцаў не быў запрошаны на ўрачыстасці з нагоды 1150-годдзя Полацка...

Да юбілею, які святкаваўся сёлета, зробленыя вялікія работы. Якімі помнікамі ўзбагаціўся Полацк?

«Дом Пятра І», у якім цар можа і быў

Адрэстаўраваны «дом Пятра І» — мураванка на былой Ніжне-Пакроўскай вуліцы, пабудаванай у 1694 побач з Богаяўленскім манастыром. Легенду пра тое, што менавіта ў тым дамку спыняўся расейскі цар, выдумалі ў савецкі час, каб уратаваць камяніцу ад разбурэння. Пётр І начаваў у манастыры. Падчас рэстаўрацыі была зроблена копія старасвецкіх разьблёных дзвярэй, а арыгінальныя перадалі ў музей, што тамсама і месціцца.

27-метровая езуіцкая студня

Адноўленыя і фасады будынкаў былога езуіцкага калегіума (сёння там універсітэт). Хоць да сканчэння рэстаўрацыі гэтага найважнейшага аб’екта яшчэ далёка. Да юбілею археолагі раскапалі на падворку кляштарную студню, ведамую па старадаўніх выявах. Зрабілі яе расчыстку на 27 (з дзевяціпавярховы гмах!) метраў. На самым дне, сярод іншых археалагічных цікавостак, былі выяўленыя арыгінальныя, яшчэ езуіцкіх часоў, краты, на якія мацаваліся прыстасаванні для пад’ёму вады.

Мемарыял ахвярам 1812-га

Добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол мемарыяла-абеліска ў памяць вайны 1812 (створаны паводле праекта архітэктара Антоніа Адаміні ў 1850, ён быў знішчаны ў 1932). Хоць аднаўленне гэтага помніка імперскага часу выклікае неадназначную рэакцыю, архітэктар Вадзім Гліннік навуковы кіраўнік аб’екта «Гістарычны цэнтр Полацка», лічыць, што аднаўленне абеліска — яшчэ адзін крок да дэсаветызацыі грамадства. Бо манумент быў пастаўлены усім ваярам і ахвярам 1812 года. Дый створаны ён быў на найвышэйшым мастацкім узроўні, а сёння, дакладна ўзноўлены, упрыгожыў старасвецкую плошчу, зрабіўся яе дамінантай (раней дамінаваў помнік савецкім воінам — «НН»).

На чарзе — два саборы

У генплан Полацка ўнесенае аднаўленне сабора Святога Стафана. Дзеля гэтага давядзецца зруйнаваць савецкі дзевяціпавярховік, званы ў народзе «дом з вушамі». У бліжэйшы час археолагі расчысцяць і адкрыюць для агляду частку муроў сабора, што знаходзяцца пад газонам на плошчы.

У Генеральны план развіцця Полацка закладзены і праект узнаўлення касцёла святога Дамініка з кляштарам. Справу лічаць вырашанай. У ім збіраюцца змясціць тэатр, будаўніцтва якога было запланавана колісь.

Аднаўляць зруйнаваны за царом касцёл Святога Антонія, што быў пры ацалелым дасёння кляштары францішканаў, планаў пакуль няма. Але, як падкрэсліваў шматкроць Вадзім Гліннік, неяк узнавіць абрыс касцёла варта — ён надаў бы выразнасць панараме старажытнага места над Дзвіною. То бок, і наступнаму пакаленню архітэктараў і рэстаўратаў, тэарэтыкам і практыкам, тут хопіць працы…

Палата стане паўнаводнай

Вырашанае і пытанне ўзнаўлення гмаху базыльянскага кляштара ля Сафіі. Гэтаму паспрыяла рашэнне мясцовых уладаў і асабіста старшыні Полацкага гарвыканкама Аляксандра Пазняка актыўна развіваць турызм. Рэчышча Палаты зробяць прыдатным для чаўноў. Група экспертаў на чале з Вадзімам Гліннікам і наваполацкая група «Мастаксэрвіс» на чале з Ігарам Рудэнем распрацавалі канцэпцыю рэгенерацыі старадаўняга горада. Іх праекты зацверджаныя на дзяржаўным узроўні гэтымі днямі. Гэта — расчыстка і добраўпарадкаванне Палаты, з аднаўленнем ставоў, пад’ёмам узроўню вады, стварэннем набярэжных, узнаўленнем гістарычнай інфраструктуры ад вусця да манастыра: з млынамі, мастамі і капліцамі, лакалізацыяй гістарычных могілак. Гэта — давяршэнне рэстаўрацыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і прылеглай да яго тэрыторыі. Гэта — упарадкаванне Верхняга замка... Некаторыя работы ўжо вядуцца. У выпадку Полацка мы маем шчаслівы выпадак, калі памкненні рэстаўратараў і ўладаў супалі.

Увага — левы бераг!

На жаль, подых аднаўлення пакуль не адчуваецца на левым беразе Дзвіны. Па-за ўвагаю ў юбілейны год застанецца і кляштар бернардынаў з руінамі касцёла Маці Божай Марыі Нябеснай, і тэрыторыя колішняга Бельчыцкага манастыра… Але, бадай, ненадоўга. Гледзячы на тое, наколькі змяніўся старажытны Полацк за апошнюю чвэрць стагоддзя, ужо не падаецца такім фантастычным і яго ўваскрашэнне поўнае… Як і ўсяго нашага краю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?