Намеснік старшыні нефармальнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Рэната Дземянчук 7 чэрвеня аштрафаваная судом Ленінскага раёна на 5 мільёнаў рублёў (50 базавых велічынь),
паведаміў старшыня галоўнага савета нефармальнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Андрэй Пачобут.

Яе прызналі вінаватай у правапарушэнні, прадугледжаным арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання).

«Суды ў Гродне працягваюцца. Цяпер судзяць яшчэ двух актывістаў СПБ», — адзначыў Пачобут.

***

1 чэрвеня падчас пікета ў абарону польскай школы каля будынка Гродзенскага аблвыканкама было затрымана прыкладна 20 чалавек, у тым ліку некалькі журналістаў. Падставай для правядзення акцыі стала занепакоенасць планамі стварэння рускамоўных класаў у гродзенскай школе № 36 з польскай мовай навучання.

Прыкладна два тыдні таму пасольства Польшчы ў Мінску накіравала беларускім уладам адпаведную ноту, у якой нагадала пра падпісанае з беларускімі партнёрамі пагадненне, якое гарантуе, што школа № 36 у Гродне павінна заставацца польскамоўнай, бо яе будаўніцтва цалкам фінансавалася польскімі ўладамі. Супраць увядзення ў гэтай школе рускамоўных класаў таксама выступаюць многія бацькі вучняў. Яны падпісалі петыцыю, у якой выказалі заклапочанасць тым, што беларускія ўлады імкнуцца такім чынам выцесніць польскамоўнае навучанне.

Начальнік аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека заявіў БелаПАН, што ніхто не разглядае пытанне пра змену статусу сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання. Абмяркоўваецца пытанне пра магчымасць размяшчэння на базе гэтай установы адукацыі двух класаў суседняй школы, якая працуе ў рэжыме перагрузкі. Ламека падкрэсліў, што гаворка ідзе менавіта пра арэнду двух вучэбных памяшканняў у школе № 36.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?