Фота palasatka

Фота palasatka

Паводле пэўных звестак, не менш за 60% беларусаў ніколі не былі за мяжой. Мы папрасілі траіх маладых беларусаў, якія ўпершыню накіраваліся ў Еўропу, весці падрабязны дзённік падарожжа. Нашыя героі пражылі тыдзень у нямецкім Брэмене і на практыцы адчулі, што такое «міжкультурная камунікацыя». Чытай выбранае з дзённікаў.

Воля, 18 гадоў, студэнтка першага курса лінгвістычнага ўніверсітэта

Дзень першы

Першае ўражанне ад Германіі — прыгажосць нямецкіх мужчын і неахайнасць мясцовых жанчын. Немкі, напрыклад, на галаве нічога не робяць. Быццам жывуць паводле прынцыпу «прачнулася, прычасалася і пайшла». Жанчыны амаль не ходзяць на абцасах, мала фарбуюцца, не замарочваюцца наконт адзення. Мясцовыя мужчыны нас запэўнівалі, што ім даспадобы такі стыль, але я ім не дужа веру. Асабліва ўлічваючы колькасць увагі, якую яны надаюць беларускам. Самі ж немцы вельмі ладныя — дагледжаныя, зграбныя, трымаюцца з годнасцю. Лепшыя за беларускіх мужчын.

Магчыма, нямецкія жанчыны вядуць сябе так, каб паказаць сваю роўнасць з мужчынамі. Тут наогул усе завернутыя на гендарнай роўнасці. На спатканні трэба за сябе плаціць, сумкі насіць самой, сачыць за гаворкай, каб не сказаць чагосьці «гендарна абразлівага».

Дзень другі

Я пазнаёмілася з хлопцам Матэ са Славеніі. Нармальны такі чувак: добра апрануты, ровар прышпільны, па-англійску выдатна размаўляе. Ідзем мы па ціхай вулачцы Брэмена, і раптам ён спыняецца і пачынае корпацца ў кучы ламачча, што ляжыць побач з адным з дамоў. Хвілін праз 10 прыходзіць з люстэркам у прыгожай ажурнай раме. Я, гаворыць, палову кватэры сабе рэчамі з такіх звалак абставіў. Аднойчы нават працоўны прынтар знайшоў. Немцы потым нам патлумачылі, што калі людзі пераязджаюць, яны выносяць ўсе непатрэбныя рэчы на вуліцу і цягам дня любы іх можа ўзяць. Крутая тэма. Буду больш уважліва прыглядацца да такіх месцаў.

Дзень трэці

Сёння першы раз паліла траўку. У Германіі з гэтым прасцей. Была паці ў адной немкі, бацькі якой укацілі ў Іспанію. Феерверкі ў галаве ў мяне не выбухалі, смяяцца асаблівага жадання не было, размаўляць — таксама. Праўда, захацелася есці. Спачатку з’ела сыру «Філадэльфія», потым намазала шакаладнай пастай батон, а зверху дадала палову нашай «Алёнкі». Было цудоўна! Хоць я чакала большага. Можа, трэба было яшчэ раз «дунуць», але ў мяне балела горла.

Дзень чацвёрты

Сёння хадзілі ў брэменскі ўнівер. Адразу робіцца зразумела, што родны МДЛУ адстаў ад свету гадоў на 40. У Германіі выкладчыкі і студэнты робяць, што хочуць. Мясцовы студсаюз праводзіць бясконцыя дэманстрацыі, флэш-мобы, мітынгі. Нечага патрабуюць, адстойваюць свае правы і змагаюцца з усім на свеце. У нас жа паспрабуй нешта такое арганізаваць, адразу ў адказ пачуеш: «Забірайце дакументы». А тут пачуваешся свабодным. Нават ёсць пакой, дзе стаяць балончыкі з фарбай і ляжаць трафарэты. Любы можа забамбіць графіці на сцяне. Рабі што хочаш, карацей.

Яшчэ ў холе ўнівера была дзіўная жанчына. Яна мусульманка, але была практычна голая. Панчохі ў велізарную сетку, высачэзныя абцасы, кідкі макіяж. Яна сказала, што нядаўна абараніла дысертацыю па тэме нейкай там эмансіпацыі. Нават мусульманкі тут хочуць свабоды.

Дзень пяты

Увечары вялікай кампаніяй мы пайшлі патанчыць. Мясцовы клуб — гэта нейкае сутарэнне з барам і калонкамі. Без рамонту, без мэблі, без кухні. Здым тут адбываецца не як у нас. Хлопцы спачатку да цябе не падыходзяць, а як быццам скануюць позіркам. Калі ты хлопцу адказала на такі погляд, то ён ужо пачынае рух у твой бок. Паводле такой схемы мяне «знайшлі» два немцы. Хлопцы пачалі прасіць пайсці да іх. Хацелася нейкага экшну і зваліць з гэтай кіслай дзвіжухі ў клубе. Было, вядома, страшна, але хлопцы падаліся мне інтэлігентнымі, так што я пагадзілася.

У кватэры немцы арганізавалі свечкі, віно, накрылі стол. Мы пагутарылі, выпілі, пакурылі. Адзін з хлопцаў хацеў са мной пазнаёміцца бліжэй, але я адмовілася, і ён пайшоў шукаць шчасця ў іншыя клубы. Я засталася з другім немцам, мы паелі, і ён праводзіў мяне дадому. Мараль у тым, што трэба адначасова рызыкаваць і думаць галавой. Немцы — вельмі прыстойныя. Разумеюць слова «не».

Дзень шосты

Тут усе сядзяць і ляжаць там, дзе ім захочацца. Заходзіш у трамвай, а хлопец ляжыць пасярод вагона і слухае музыку. У нас бы яму патлумачылі, што ён усім замінае і няправільна паводзіцца. У Брэмене на яго ніхто не звярнуў увагі. Навошта мне глядзець на суседа, калі ў мяне ўсё ў парадку? Думаю, тут жывуць паводле такога прынцыпу.

Яшчэ сёння вярталіся дадому на трамваі, і ў яго зайшла старая жанчына. Мяркуючы з выгляду — бяздомная. Перш за ўсё яна заплаціла за праезд 2,35 еўра! Мы на яе глядзелі на ўсе вочы, але яна паводзілася так, як быццам робіць гэта ўвесь час.

Гісторыі астатніх герояў публікацыі чытайце ТУТ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?