Часта жыццёвыя дарогі вядуць мяне праз Брэст, дзе звычайна доўга прыходзіцца чакаць цягнік на чыгуначным вакзале, дзе цікава паназіраць за рознымі жыццёвымі сцэнкамі.

Часам пасварацца дзве багатыя, загарэлыя ў салярыі расейкі, якія чакаюць у Брэсце цягнік на Захад, каб выправіцца туды па пакупкі. Часам прыцягнецца пажабраваць худая турэмніца, якая любіць расказваць пра сваё доўгае і няшчаснае жыццё.

Часам прыпляцецца малое рудое кацяня, сляпое на адно вока, якое нават не просіць есці, а проста хоча спакойна і ў бяспецы падрамаць сярод нагрувашчаных сумак і валізак.

Калі хтосьці, апроч кацяняці, ноччу пакладзе на лаўку галаву, каб хвілю падрамаць, і толькі заплюшчыць вочы, то як быццам з-пад зямлі з’яўляецца міліцыянт і штурхае ляжачага за плячо, каб папярэдзіць яго перад злодзеямі. Так выглядае чыгуначны вакзал у Брэсце, дзе вольна гуляюць, сустракаюцца і цалуюць вандроўнікаў усе вятры.

Я хачу расказаць вам пра адну кароткую сустрэчу, якая чамусьці адмыслова мне запомнілася. Чакаючы цягнік, я адкрыў кнігу і спрабаваў чытаць, хоць вочы ў мяне самі ўжо закрываліся, бо была сярэдзіна ночы. Было даволі холадна, а скразняк змушаў скруціцца абаранкам і наставіць каўнер.

Побач са мной прысела пажылая жанчына з аднаразовым кубкам гарачай гарбаты, купленай у буфеце.

Яна мела на сабе старамоднае паліто, доўгую спадніцу і вылінялую хустку, завязаную на галаве, з-пад якой выбіваліся сівыя, але неслухмяныя валасы. Твар у яе быў вельмі далікатны, трохі выцягнуты, як на старых іконах, і вялікія блакітныя вочы.

— Цікавая кніга? — спыталася яна правакацыйна, відаць, спрабуючы завязаць размову. Я ведаў, што лепшым метадам забіцця часу для пажылых людзей з’яўляецца звычайная размова. Гэта было мне таксама на руку, бо чыталася цяжка, а размова не дазволіла б мне заснуць і прапусціць цягнік.

— Цікавая! — адказаў я. — А чай ці смачны? — запытаўся я сам, матнуўшы галавой на яе белы аднаразовы кубачак.

— Смачны, а як жа? — Яна лёгка і мякка ўсміхнулася. Радавалася, што я паддаўся на яе наіўную правакацыю. Яна гаварыла плаўна, доўга расцягваючы кожную галосную ў складзе, нібы смакуючы яе ў вуснах, а, можа, шкадуючы растання са сваім чарговым словам. Я зразумеў, што яна адчувала да мяне нейкую невытлумачальную сімпатыю.

— Адкуль Вы? Прыгожа вельмі размаўляеце, — мне захацелася зрабіць маёй субяседніцы каплімент.

— А тут, з ваколіцы, недалёка, — адказала з выразнай задаволенасцю. — Я прыехала сюды з мужам у бальніцу. У яго праблемы з голасам. Прастудзіўся, спачатку проста горла балела, а потым зусім голас знік. Прыехалі ноччу, але баяліся ўжо ісці ў бальніцу, бо апошнім разам як прыехалі пасля 22-й, то крычалі на нас нават, што позна і толькі перашкаджаем, таму мы вырашылі пераначаваць да раніцы на станцыі. Мой дзядуля за калонай, каб міліцыя не бачыла, ляжыць на лаўцы... Гэх... Абы яго міліцыя не пабудзіла, баюся за яго, бо як ад’язджалі, то тэмпературу нават меў. Але ў бальніцу няма як сунуцца, бо адразу крык будзе. Неяк пратрываем да раніцы. Але гэтыя скразнякі, а яшчэ міліцыя — гэта самае страшнае тут.

І яшчэ душу грызе, бо пакінулі нашу дачку дома адну на гаспадарцы, а яна хворая, і то цяжка. Яна работу, праўда, усю паробіць, і карову падоіць, і свінняў пакорміць, хто не знае, то й не пазнае, што хворая. Яна не ляжачая, але інвалідка, групу мае.
Яна робіць усё, усё дапамагае, але часам як забаліць ёй галава, такі боль мае, што млее, губляе прытомнасць, падае.

Яна ў нас са старым самая маладая, найпрыгажэйшая, але цяжкі лёс яе спаткаў. Паехала пасля школы вучыцца ў Маладзечна. Тады і хлопца там мела. Абяцаў, што жэніцца. Уся ззяла з радасці, што ўсё ішло добра. Яна жыла ў інтэрнаце. Аднаго разу пасцірала і вешала бялізну на балконе. Ці хто паклікаў яе, ці нешта пачула, але выхілілася праз балкон і ўпала з трэцяга паверха. Засталася жывая, але здароўе добра пашкодзіла, а боль страшэнны яе ўжо дваццаць год мучае.

Шкадую яе няшчасніцу, а праз тое калецтва і хлопец яе кінуў. Засталася адна і з намі жыве, а мы адно дажываем...

Яна гаварыла проста, але вельмі кранальна, цягнучы склады, як Мойра нітку нечага жыцця. Здавалася, што яна нават не гаварыла, а спявала для мяне адну з народных песень, поўную жалю і скрухі, шкадавання аб няшчасным каханні.
Па твары плылі ёй тонкія струменьчыкі слёзаў, але ў яе аповедзе не было нават ценю наракання ці незадаволенасці. Была толькі сумная і пяшчотная пакора, ціхая шчырасць, супакой і меланхолія.

Яна замаўчала, а потым запыталася, паказваючы на масіўную інфармацыйную шыльду на сцяне:

— Можа Вы мне скажаце, што там напісана на дошцы?

— Вы не ўмееце чытаць? — не хаваў я свайго здзіўлення.

— Не, — сказала яна збянтэжана. — Не навучылася. Сорамна прызнацца, але я непісьменная. Было нас сем дзяцей у сям’і. Я найстарэйшая, таму мне прыйшлося працаваць, каб дапамагчы бацькам, і меншых братоў і сясцёр даглядаць. Не было часу, каб вучыцца, хоць я вельмі хацела, і здольная была, памяць ого-якую мела.

За польскім часам быў у нас у вёсцы такі малады настаўнік, паніч, што закончыў, бадай, Варшаўскі ўніверсітэт. Прасіў ён бацьку, каб бацька пусціў мяне ў школу, але тата не згадзіўся, — усміхнулася сціпла і таямніча сабе пад носам, амаль як Мона Ліза.

— Як Вы тады лічыце грошы? — спытаў я. — Урэшце рэшт, кожны можа Вас падмануць?

— З гэтым неяк спраўляюся, — сказала старая жанчына з прыгожай усмешкай на твары, пакрытым глыбокімі маршчынамі.

Я паглядзеў на яе рукі. Былі цёмныя ад працы з крывымі і тоўстымі ў суставах пальцамі. Згорбленая і стомленая, пакінутая ўсім светам, ціхая і добрая сядзела побач на лаўцы, занятая нейкімі сваімі думкамі. Мела, аднак, нейкае незвычайнае свячэнне, святло ў сваіх вачах, што зачароўвала і захапляла. Пасля невялікай паўзы зноў адгукнулася, устаючы з лаўкі з пустым кубкам у руках:

— Пайду глядзець, дзе там мой дзед. Дзякуй Вам за размову. Усяго добрага. Але скажыце, Вы з Польшчы самі?

— Не, я тут нарадзіўся, але ... дзядуля з бабуляй былі з Польшчы. А чаму Вы пытаецеся? — зноў я быў збянтэжаны яе пытаннем. Яна ўмела здзіўляць, як кожная сапраўдная кабета.

— А так сабе пытаюся, бо той настаўнік малады з нашай вёскі пасля вайны, як усе палякі выязджалі, то і ён недзе ў Польшчу выехаў... — сказала гэтыя апошнія словы, гледзячы ўніз на падрапаную і брудную шэрую плітку падлогі. Засаромелася, пачырванела, як бурак, і пайшла прэч. Павярнулася і з-за пляча кінула ціхае: «Бывай».

Я не зразумеў адразу, чаму яна задала тое апошняе развітальнае пытанне.

І толькі пазней, раздумваючы аб гэтым незвычайным знаёмстве, я зразумеў, што прабудзіў незнарок няўцямным, пэўна, ледзь заўважальным падабенствам у гэтай спрацаванай і выпрабаванай жыццём кабеты мілыя для яе, зусім не штодзённыя, а таму так дарагія яе сэрцу ўспаміны і развярэдзіў недзе далёка схаванае, сарамлівае і ўсё жыццё пазбяганае пачуццё.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?