Жорсткае забойства 25-гадовай практыканткі Алесі ў мястэчку Будслаў (Мядзельскі раён) узрушыла ўсю краіну. Раніцай 9 снежня яе знайшлі нежывой, з мноствам сінякоў і нажавых ранаў, у хаце, якую дзяўчына наймала. Адна з шыбаў была выбітая. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па гарачых слядах была затрыманая сямейная пара з Будслава.

Следства нарэшце скончанае, справа перададзеная ў суд. Як паведамілі карэспандэнту НН ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці,

падазраваныя, муж (1984 г.н.) і жонка (1979 г.н.) давалі супярэчлівыя паказанні, абвінавачваючы ў забойстве дзяўчыны адно аднаго.

Гэта зацягвала следства. Але ў выніку абаім выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: пп.6, 13, 15 ч.2 арт.139 (забойства, здзейсненае групай асобаў з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч.2 арт. 205 (крадзеж) і арт. 378 (крадзеж асабістых дакументаў). Падрабязнасцяў — хто канкрэтна наносіў удары і якія рэчы былі скрадзеныя — следчыя не раскрываюць. «Толькі пасля прысуду», — адзначылі ў Следчым камітэце.

Увесь час сямейная пара знаходзілася пад вартай.

25-гадовую дзяўчыну зарэзалі ўноч з 8 на 9 снежня ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Крымінальная справа адразу была заведзеная па артыкуле 139, ч.2, п.6 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю).

Абвінавачаным пагражае вышэйшая мера пакарання.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?