Мінскі гарадскі суд адмовіў праваабаронцу Валянціну Стэфановічу ў задавальненні пазову аб распачынанні дысцыплінарнай справы ў дачыненні да суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска Алены Сямак.

Нагадаем, 11 сакавіка Валянцін Стэфановіч не змог выехаць з Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі пагранічнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выездзе. 21 сакавіка Стэфановіч звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска са скаргай на рашэнне аб уключэнні яго ў базу даных невыязных з Беларусі. Скарга была атрыманая судом Цэнтральнага раёна 26 сакавіка.

«Па такіх скаргах суддзі абавязаныя вынесці рашэнне на працягу аднаго месяца з дня атрымання скаргі. Такія патрабаванні грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства. Пасля атрымання скаргі суддзя абавязаны або адмовіць заяўніку ў распачынанні справы пры наяўнасці для таго законных падстаў, або пакінуць скаргу без рухання для выпраўлення недахопаў, або распачаць справу», — патлумачыў Стэфановіч.

Аднак суддзя Сямак, якой была перададзена скарга ў вытворчасць, дагэтуль не прызначыла дату яе разгляду.

4 мая Стэфановіч адправіў на імя старшыні Мінгарсуда заяву аб парушэнні заканадаўства з боку Алены Сямак. У адказе старшыня Мінгарсуда Уладзімір Пуціла паведамляе аб «загружанасці суддзі», а таму, заяўляе ён, «падстаў для прыцягнення Сямак па згаданых у скарзе высновах зараз не ўстаноўлена».

«Я не разумею тэрміну „загружанасць суддзі“. Ёсць законам устаноўлены тэрмін для разгляду справы. Дык што, суд разглядае справы ў парадку жывой чаргі або ў парадку нейкай ім самім вядомай важнасці, а справа Стэфановіча можа пачакаць?
Я разглядаю такія дзеянні проста як адмову ў доступе да правасуддзя», — заявіў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, з аналагічнай праблемай сутыкнуліся многія невыязныя палітычныя і грамадскія дзеячы. «Усе, хто накіроўваў скаргі ў суд, не атрымалі ніякага адказу, г.зн. суды проста маўчаць. Так што гэта сістэматычная практыка па адмове ў правасуддзі», — мяркуе Стэфановіч.

Зараз праваабаронца чакае адказу з МУС, куды адправіў зварот з просьбай выключыць яго прозвішча з банка даных грамадзян, якім часова абмежавана права выезду. «Пасля таго, як я прайду ўсе інстанцыі на нацыянальным узроўні, я планую звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека адносна адмовы ў рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна“, незаконнага абмежавання права пакідаць сваю краіну, а таксама ў сувязі з тым, што мне было адмоўлена ў правасуддзі ў краіне», — заявіў Стэфановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?