У чацвер, 14 чэрвеня, у Гродне адбудзецца прэзентацыя новай кнігі серыі «Гарадзенскай Бібліятэкі» — «Нёманскі фронт. 15–25 ліпеня 1944 года» . Пачатак, а 19.00 па адрасе: Гродна, Будзённага 48а (зала ва ўнутраным дворыку).

Поўная назва кнігі — «Нёманскі фронт. 15 — 25 ліпеня 1944 года. Баі за Гродна: аналіз падзей, данясенні, успаміны, статыстыка». Аўтар, таленавіты гарадзенскі гісторык Дзмітрый Люцік. Кніга набліжае да нас падзеі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Гарадзеншчыны, аўтар аналізуе савецкую і нямецкую праўду пра падзеі Другой сусветнай вайны ў Гродна.

Гісторык, крок за крокам, дзень за днём раскрывае планы і дзеянні савецкіх і нямецкіх войскаў у баях за Гродна ў ліпені 1944 года. У аснову кнігі ляглі звесткі з нямецкіх даследванняў, расійскіх архіваў, успаміны ўдзельнікаў і жыхароў горада, дзённікі баявых дзеянняў, аператыўныя дакументы, справаздачы, данясенні. Кніга без варыянтаў будзе патрэбная тым, хто цікавіцца гісторыяй войнаў у нашым рэгіёне.

* * *

Аўтар манаграфіі Дзмітрый Люцік — нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гродне. Займаецца вайсковай гісторыяй ХХ ст. Аўтар даведніка «Сто лет одиночества. Неизвестная крепость Российской империи. Путеводитель по фортам крепости Гродно» (2011), адзін з аўтараў кнігі «Скідзель.500 год у гісторыі» (2008), шэрагу артыкулаў, прысвечаных войнам і вайсковым канфліктам на Гарадзеншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы.

Пачатак прэзентацыі кнігі, а 19.00 па адрасе: Гродна, Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку). Уваход вольны.
    «Гарадзенская бібліятэка» — кніжная серыя, заснаваная ў 2006 годзе з мэтай дакументацыі і прасоўвання культурнага і гістарычнага даробку гарадзенцаў, а таксама папулярызацыі ведаў пра сярэднявечную, навачасную, міжваенную і паваенную гісторыю Гародні як істотнага элемента еўрапейскай спадчыны. Да гэтага часу пабачылі свет больш за 20 кніг. «Гарадзенская бібліятэка» — гэта яшчэ адзін напамін гарадзенцам, што лёс горада ў іх руках. Агульнымі намаганнямі мы здолеем перанесці ў наступныя стагоддзі непаўторнасць гістарычнай Гародні, зберагчы яе ўнікальнасць для нашчадкаў.