Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску распачата справа на падставе часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (забойства састарэлага) у дачыненні да 62-гадовага мінчаніна.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў, устаноўлена, што 10 чэрвеня падазраваны ў сваёй кватэры распіваў спіртныя напоі з даўнім прыяцелем, таксама мінчанінам-пенсіянерам 1941 года нараджэння. Падчас застолля ўзнікла сварка, у якой госць некалькі разоў ударыў гаспадара кватэры. Апошні ўзяўся за сталовы нож і некалькі разоў ударыў ім крыўдзіцеля, пасля чаго лёг спаць.

Стан алкагольнага ап’янення быў настолькі моцным, што гаспадар кватэры, прачнуўшыся праз некалькі гадзін і ўбачыўшы труп прыяцеля, нават не пазнаў яго, не ўспомніў таго, што здарылася, аднак выклікаў міліцыю, паведаміўшы пра знаходжанне ў яго кватэры «трупа неўстаноўленай асобы». Толькі праз двое сутак падазроны змог нарэшце аднавіць у памяці падзеі і прызнаўся ў забойстве.

Судмедэксперты налічылі на целе загінулага каля 18 пранікаючых нажавых раненняў сэрца, лёгкіх і печані, трэць з іх былі смяротна небяспечнымі для жыцця.

У дачыненні да абвінавачванага абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?