Міністэрства па падатках і зборах Беларусі не разглядае магчымасць увядзення падаткаў на багацце і бяздзетнасць. Пра гэта 14 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Міхаіл Расолька.

«Магу сказаць адразу — такія планы не разглядаюцца», — адзначыў прадстаўнік міністэрства, дадаўшы, што пытанне падобнага падаткаабкладання ўжо дастаткова адрэгулявана. Так, у Беларусі існуе падатак на нерухомасць, які, па сутнасці, з’яўляецца адпаведным падаткам на маёмасць і залежыць ад яе кошту, гэта значыць чым даражэйшы аб’ект нерухомасці, тым вышэйшая сума падатку.

«Калі нашы грамадзяне маюць нейкую дарагую нерухомасць, адпаведна ад яе кошту і выплачваецца падатак. Таму ва ўвядзенні нейкага дадатковага падатку на багацце мы не бачым неабходнасці», — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што складанасці ў пытанні ўвядзення гэтага віду падаткаабкладання ёсць у прынцыпе, бо «трэба яшчэ вызначыць, якое гэта багацце, патрэбны нейкія крытэрыі». «Напрыклад, можна мець кватэру дзесьці ў цэнтры Мінска, якая будавалася ў пасляваенныя гады, дасталася чалавеку ў спадчыну, ці пенсіянер валодае. Ці будзе гэты аб’ект „багаццем“? Бо для кагосьці гэта проста месца жыхарства», — сказаў Расолька.

Іншая справа, працягнуў ён, калі размова ідзе пра ацэнку кошту маёмасці. «Гэтае пытанне мы, у прынцыпе, прапрацоўваем, але гэта не найбліжэйшая перспектыва. Гэта даволі доўгі працэс, таму што тут звязана вельмі шмат ведамстваў, вельмі складаны працэс ацэнкі», — адзначыў прадстаўнік МПЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?