Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне ў бабруйскай папраўчай калоніі № 2, атрымаў вымову і пазачарговы нарад. Пра гэта Бяляцкі напісаў у лісце свайму калегу Валянціну Стэфановічу.

Як паведаміў праваабаронца, Бяляцкі даволі рэдка паведамляе пра ўмовы ўтрымання або пра націск на яго з боку адміністрацыі. «У сваім апошнім лісце, датаваным 3 чэрвеня, Бяляцкі прывёў некалькі фактаў, якія сведчаць пра стаўленне да яго кіраўніцтва. Так, Бяляцкі піша, што «… за гэтыя месяцы ўжо паспеў атрымаць вымову і пазачарговы нарад. Чамусьці мне здаецца, што яны не апошнія. Увогуле, як аказалася, вязень я далёка не прыкладны. У вывешаным у атрадзе спісе на спатканне былі чатыры графы, якія характарызуюць зняволенага. Як аказалася, я там быў самы горшы», — працытаваў ліст Стэфановіч.

Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 вызначыла,

што Алесь Бяляцкі не прыняў на сябе пісьмовых абавязацельстваў выправіцца, гэта значыць прызнаць сваю віну, не ўдзельнічае ў самадзейным аб’яднанні, мае вымову.
«І толькі ў чацвёртай графе станоўча было ўказана, што ў Бяляцкага няма матэрыяльнага іску», — адзначыў Стэфановіч.

Тым не менш Стэфановіч паведаміў, што 29 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска па грамадзянскім іску падатковай інспекцыі Першамайскага раёна вырашыў спагнаць з Бяляцкага дадаткова больш як 140 мільёнаў рублёў пені за несвоечасовую выплату сумы запазычанасці. Гэты іск абскарджваецца ў касацыйным парадку.

«Такая характарыстыка паўплывала на абмежаванне ў сустрэчы (адны суткі замест трох), на змяншэнне аб’ёму прадуктовай перадачы з 30 да 15 кілаграмаў. Да таго ж Бяляцкаму адмянілі дадатковыя 5 кг агародніны і садавіны на летні перыяд», — адзначыў Стэфановіч.

Як падкрэсліў праваабаронца, ён вельмі занепакоены тым, што напярэдадні прыняцця закона «Аб амністыі» адміністрацыя калоніі спрабуе зрабіць з Бяляцкага «злоснага парушальніка рэжыму» і такім чынам пазбавіць яго права на амністыю. «Тым больш што такая тэндэнцыя назіраецца ў дачыненні да ўсіх палітзняволеных. Я думаю, што адміністрацыя калоніі вырашыла „падстрахавацца“: калі раптам мы выплацім 140 млн., то Бяляцкі ўсё роўна не выйдзе на волю», — сказаў Стэфановіч.

***

24 лістапада 2011 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не прыняў да ўвагі, што гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?