У Полацку мясцовым краязнаўцам — Андрэю і Аляксею Бухавецкім — атрымалася знайсці новы, пакуль яшчэ не даследаваны ўчастак полацкіх падзямелляў.

Паўразбуранае скляпенне браты ўбачылі пры абыходзе берага ракі Палаты непадалёку ад Сафійскага сабора.

«Дзверы» у падзямелле з’явілася дзякуючы апоўзню.

Па словах краязнаўцаў, унікальнасць знаходкі ў тым, што на тэрыторыі Верхняга замка падземны ход выяўлены ўпершыню. Да гэтага геаграфія полацкіх падзямелляў абмяжоўвалася раёнам кадэцкага корпуса і Мікалаеўскага сабора.

«Мы крыху расчысцілі ўваход і спусціліся ўніз, — распавёў Андрэй Бухавецкі. —

Ход апынуўся вялікі, у рост чалавека. Вышыня ходу — 1,8 м, шырыня — 1,3 м.
Сцены і скляпенне выкладзеныя з вялікай чырвонай цэглы, як мяркуецца, 18 стагоддзя. Над галавой і на сценах плямы чорнай сажы, напэўна, ад паходняў. У сцены ўбітыя дробныя металічныя мыліцы.
Удалося прайсці каля 80 метраў, потым стала душна. Увесь пройдзены ўчастак сухі, вады і завалаў не выяўлена. Ход ідзе ў бок Сафійскага сабора, дзе калісьці стаяў Кляштар базыльянаў».

Полацкія краязнаўцы захоўваюць у таямніцы дакладнае месца размяшчэння ўваходу і плануюць у бліжэйшы час правесці больш дэталёвае даследаванне падзямелляў з ужываннем спецсродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?