Старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў сваіх калегаў па Мытным саюзе, прэм’ер-міністраў Беларусі і Казахстана Міхаіла Мясніковіча і Карыма Масімава, да прапрацоўкі пытання наконт увядзення адзінай валюты.

Пра гэта ён заявіў сёння на бізнес-форуме «АЭП: новыя магчымасці прамысловага развіцця».

«Трэба думаць далей, трэба думаць ужо ў маштабе Еўразійскага саюза, да якога мы ідзем і які павінен узнікнуць з 2015 года, уключаючы і такія пытанні, якія пакуль, можа быць, не з’яўляюцца прадметам бягучых размоў, але пра якія трэба думаць, асабліва з улікам нестабільнасці на глабальных рынках, маючы на ўвазе пытанні ўвядзення нейкіх разліковых адзінак і ў канчатковым выніку, можа быць, выхад на адзіную валюту, — сказаў Мядзведзеў. —

Гэта не з’яўляецца прадметам заклапочанасці сённяшняга дня, але думаць аб гэтым трэба — якія нашы перспектывы».

Паводле слоў расійскага прэм’ера, свой уклад у абмеркаванне гэтага пытання павінен унесці экспертны савет бізнес-супольнасцікраін-удзельніц (Расіі, Беларусі і Казахстана), які плануецца стварыць для больш эфектыўнага ўзаемадзеяння бізнесу з Еўразійскай эканамічнай камісіяй і нацыянальнымі ўрадамі.

Мядзведзеў таксама адзначыў, што перавагамі Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) і Мытнага саюза трох краін могуць карыстацца толькі дзяржавы-ўдзельніцы.

«Мытны саюза запрацаваў. Для нас у чымсьці гэта карысць, хаця і не для ўсіх, ёсць эканамічныя праблемы, — прызнаў Мядзведзеў. — Для шэрагу дзяржаў, якія з намі гандлявалі і гандлююць, з якімі ў нас свае асаблівыя адносіны, — гэта выпрабаванне, і не ўтаю, што яны нам перыядычна прад’яўляюць прэтэнзіі. Але мы зыходзілі і будзем зыходзіць з бясспрэчнага факта, што ўсімі перавагамі, якія звязаны са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы і функцыянаваннем Мытнага саюза, могуць карыстацца толькі тыя краіны, якія ў гэтым Мытным саюзе знаходзяцца, якія прынялі на сябе ўсе абавязацельствы, звязаныя з падпісаннем велізарнай колькасці дакументаў», — заявіў расійскі прэм’ер.

«Я хацеў бы, каб гэта яшчэ раз пачулі: і вы, і нашы партнёры, якія чамусьці разлічваюць на тое, што яны падпішуць апошнія дзесяць папер і пасля гэтага таксама змогуць знаходзіцца ўнутры гэтага нашага Мытнага саюза, — гэта немагчыма», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Ён таксама закрануў пытанне аб уваходжанні Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Паводле слоў Мядзведзева, стварэнне Мытнага саюза не стала перашкодай для далучэння Расіі да СГА і не перашкодзіць іншым удзельнікам аб’яднання далучыцца да гэтай арганізацыі.

«У нейкі момант нам усім паслалі дакладны недвухсэнсоўны сігнал: калі вы гэта зробіце (маецца на ўвазе эканамічнае аб’яднанне з Беларуссю і Казахстанам. — БелаПАН.), мы вас не прымем у СГА. Нічога, прымаюць. І вас прымуць — усіх прымуць», — заявіў расійскі прэм’ер, звяртаючыся да беларускіх і казахстанскіх удзельнікаў бізнес-форуму.

«Я вам больш скажу — Мытны саюз паскорыў далучэнне нашых краін да гэтай арганізацыі», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Расія, запэўніў ён, у любым выпадку будзе аказваць сваім партнёрам па Мытным саюзе ўсялякае садзеянне ў далучэнні да СГА.

Дэлегацыю Беларусі на бізнес-форуме ў Санкт-Пецярбургу ўзначальвае прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?