У Беларусь паступіў трэці транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у памеры 440 мільёнаў долараў ЗША. «Грошы паступілі на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку Беларусі і будуць аўтаматычна залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны»,
— паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

Агульны аб’ём крэдыту Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС складае 3 млрд. долараў, паступленне сродкаў ажыццяўляецца траншамі на працягу трох гадоў (2011–2013). Сума крэдыту ў 2011 годзе склала 1,24 млрд. долараў. Астатнія сродкі павінны паступаць роўнымі траншамі па 440 млн. долараў двойчы на год на працягу 2012–2013 гадоў.

Грошы пералічваюцца па меры выканання Беларуссю ўзгодненых мер праграмы стабілізацыі плацежнага балансу і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, распрацаванай урадам краіны.

Трэці транш у 440 мільёнаў долараў павінен быў быць выдзелены яшчэ ў лютым 2012 года. Аднак станоўчае рашэнне было прынята толькі паводле вынікаў перамоў паміж кіраўнікамі Расіі і Беларусі Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, што прайшлі 31 мая ў Мінску.

8 чэрвеня выдзяленне чарговага траншу было ўхвалена саветам АКФ «на падставе ацэнкі справаздачы Міністэрства фінансаў Беларусі аб выкананні ўмоў траншу, зробленай Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР) як кіраўніком сродкамі АКФ».

Апрача таго, савет АКФ ухваліў новы ліст аб намерах, падпісаны прэм’ер-міністрам Беларусі і старшынёй праўлення Нацбанка. Гэтым дакументам устаноўлены параметры рэалізацыі праграмы стабілізацыі эканомікі на 2012 год, распрацаванай урадам Беларусі і ўзгодненай з кіраўніком. Дасягненне згаданых параметраў з’яўляецца ўмовай пералічэння наступных траншаў крэдыту.

«Новы ліст аб намерах і новая праграма на 90% супадаюць з першапачатковымі. Агульныя контуры праграмы засталіся тымі ж», — сказаў 8 чэрвеня кіраўніцкі дырэктар ЕАБР па забеспячэнні дзейнасці АКФ, намеснік старшыні ЕАБР Сяргей Шаталаў. Ён зазначыў, што пазітыўныя зрухі, у тым ліку на валютным рынку, якія адбыліся ў другой палове мінулага года ў Беларусі, прадоўжыліся і сёлета.

Пры гэтым Шаталаў падкрэсліў, што ўрад Беларусі пацвярджае абавязацельства прыватызаваць у 2012 годзе дзяржаўнай уласнасці не менш як на 2,5 млрд. долараў. «Пакуль не закончыцца год, у нас няма падстаў меркаваць, што ўрад не дасягне згаданага ўзроўню прыватызацыйных даходаў», — дадаў Шаталаў, каментуючы адсутнасць значных поспехаў уладаў у сферы прыватызацыі ў студзені-маі.

Ён заявіў, што «прыватызацыя важная як крыніца надаўгавога фінансавання бюджэту і плацежнага балансу Беларусі». «Знешні дзярждоўг Беларусі дастаткова нізкі і далёкі ад крытычных узроўняў шэрагу краін Еўропы, але, тым не менш, апошнія гады ён дадаткова хутка узрастаў. І далейшае значнае нарошчванне знешняй запазычанасці Беларусі было б непажаданым», — сказаў Шаталаў.

Чацвёрты транш крэдыту — таксама ў 440 мільёнаў долараў — можа быць пералічаны восенню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?