Удзел у конкурсе ўзяло больш за сто аўтараў, пяць з якіх былі названыя пераможцамі: Алеся Башарымава, Алесь Замкоўскі, Антон Рудак, Вера Стромава, яна ж Юлія Цімафеева, і Ганна Янкута. Журы таксама вылучыла пятнаццаць фіналістаў. Яшчэ пятнаццаць удзельнікаў атрымалі заахвочвальныя дыпломы.

Урачыстасць прайшла ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, вядоўцамі вечарыны былі кіраўнікі двух літаратурных аб’яднанняў Беларусі: старшыня Рады СБП Барыс Пятровіч і Андрэй Хадановіч, які ўзначальвае беларускі ПЭН-цэнтр. Калі для ПЭНа правядзенне конкурсаў маладых літаратараў — ужо традыцыя, то для СБП гэты быў першы досвед. Удзел у імпрэзе таксама ўзялі сябры журы Віктар Жыбуль, Людміла Рублеўская і, натуральна, дыпламанты «Экслібрыса».

Сярод пераможцаў і фіналістаў конкурсу — як ужо вядомыя ў літаратурных колах імёны, напрыклад, Антон Рудак, Ганна Янкута, Алена Беланожка, Павел Капанскі ды інш., так і новыя для сяброў журы імёны (Антось Уласенка, Алесь Яшчанка).

Пры канцы вечарыны адбыўся канцэрт спявачкі Паліны Рэспублікі.

Конкурс «Экслібрыс» арганізатары прысвяцілі класікам беларускай літаратуры, юбілеі якіх адзначаюць сёлета: Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?