Становішча трэцяга сектара ў Беларусі застаецца складаным, але ён працягвае працаваць. Такі лейтматыў выступленняў, што прагучалі 16 чэрвеня на адкрыцці кангрэса Асамблеі недзяржаўных арганізацый у Мінску.

Як адзначыў кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, падчас перыяду адноснай лібералізацыі ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года прадстаўнікі трэцяга сектара чакалі ад улады не касметычных, а рэальных змяненняў адносна дзяржавы да НДА.

«На жаль, рэчаіснасць стала яшчэ горшай, чым чакала большасць з нас. Мы не можам не заўважыць памяншэнне колькасці актывістаў, якія вядуць грамадскую дзейнасць, іх арышты і рэпрэсіі ў дачыненні да іх. Намеснік старшыні Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і надзей на паляпшэнне сітуацыі няма», — лічыць Мацкевіч.

У сваю чаргу кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак нагадаў: падчас мінулага кангрэса Асамблеі НДА, у 2009 годзе, актывісты няўрадавых арганізацый «сумленна віталі лібералізацыю». «Аднак яны ж аказаліся аднымі з першых, хто трапіў пад рэпрэсіі за гэтую веру ў лібералізацыю», — падкрэсліў ён.

«Нягледзячы на тое, што ў Беларусі афіцыйна зарэгістравана больш чым 2 тысячы недзяржаўных арганізацый, нельга сказаць, што грамадзянская супольнасць у краіне развіваецца і мае ўмовы для развіцця. Існуе вялікая колькасць праблем як на заканадаўчым узроўні, так і на ўзроўні выканання гэтых законаў», — заявіў Лісічонак.

Найперш ён адзначыў забарону на працу незарэгістраваных арганізацый і артыкул 193–1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя такіх арганізацый.

Акрамя таго, пагоршылася заканадаўства ў сферы легальнай працы арганізацый, іх рэгістрацыі, атрымання бязвыплатнай дапамогі. «Можна напісаць вялікі том, прысвечаны таму, як можна палепшыць жыццё грамадскіх аб’яднанняў», — заўважыў актывіст.

На фоне таго, што адбываецца, падкрэсліў ён, Асамблея НДА як была асацыяцыяй недзяржаўных арганізацый, так і засталася ёю. «Больш за тое, мы ганарымся тым, што нашы рады пашырыліся: цяпер у Асамблею ўваходзяць 302 няўрадавыя арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі з самым шырокім спектрам інтарэсаў і сфер дзейнасці — ад адукацыйных да маладзёжных, ад экалагічных да арганізацый, якія працуюць у сацыяльнай сферы», — сказаў Лісічонак.

«Галоўнае, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у Беларусі існуюць тысячы зарэгістраваных і незарэгістраваных арганізацый, якія працягваюць дзейнічаць», — падкрэсліў ён.

Сёмы справаздачна-выбарны кангрэс Асамблеі НДА праходзіць у Мінску 16–17 чэрвеня. Заснаваная ў 1997 годзе Асамблея НДА — найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і ініцыятыў. Сёння яна ўключае больш чым 300 арганізацый. Пасля таго як Міністэрства юстыцыі тройчы адмовіла Асамблеі НДА ў рэгістрацыі, у 2011 годзе аб’яднанне было зарэгістравана ў Літве.

Дэлегаты цяперашняга кангрэса, якія з’ехаліся ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны, абмяркуюць актуальныя праблемы грамадзянскай супольнасці і абяруць кіруючыя органы Асамблеі НДА.

Кангрэс меўся прайсці ў пачатку мая ў Мінскім адукацыйным цэнтры, аднак за дзень да мерапрыемства кіраўніцтва цэнтра, у лік заснавальнікаў якога ўваходзіць Мінгарвыканкам, адмовіла арганізатарам у арэндзе памяшкання. У сувязі з гэтым кангрэс быў перанесены на чэрвень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?