Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці забеспячэння парадку ў краіне падчас парламенцкай кампаніі, запатрабаваўшы стрымання незаконных дзеянняў і палітычных правакацый.

«Незаконныя дзеянні, палітычныя правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, павінны неадкладна спыняцца, а вінаватыя — несці устаноўленую адказнасць», — заявіў Лукашэнка ў панядзелак на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў нацыянальнага сходу.

Ён заявіў, што «вядзенне перадвыбарнай агітацыі не можа ажыццяўляцца па правілах масавых вулічных акцый».

«Задача праваахоўных органаў — не дапусціць перарастання перадвыбарных сустрэч у такія мерапрыемствы. Правапарадак павінен быць забяспечаны паўсюдна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго слоў, «мясцовыя органы ўлады павінны даць гарантыі вядзення перадвыбарных грамадскіх мерапрыемстваў на умовах не горшых, чым гэта было пры правядзенні выбараў прэзідэнта краіны ў 2010 годзе».

А.Лукашэнка таксама лічыць неабходным старанна падысці да фармавання выбарчых камісій. «Прыняцце рашэнняў аб іх утварэнні варта ажыццяўляць, як таго патрабуе закон, — адкрыта, з удзелам палітычных партый і грамадскіх арганізацый», — растлумачыў Лукашэнка. Пры гэтым ён удакладніў, што «прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, што годна зарэкамендавалі сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў».

«Тыя ж, хто раней спрыяў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу», — заявіў ён.

Акрамя таго, па словах А.Лукашэнкі, «ніякіх надуманых абмежаванняў не павінна быць і пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты». «Усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба зарэгістраваць. Кожнаму грамадзяніну нашай краіны павінны быць прадастаўлены ўсебаковыя магчымасці для рэалізацыі права абіраць і быць абраным», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?